Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя тэрору ў Беларусі галасамі ўкраінскіх актораў. У Кіеве чыталі сьведчаньні беларускіх пратэстоўцаў


Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.
Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.

Кіеўскі тэатар драмы і камэдыі на Левым беразе Дняпра ўвечары 29 сьнежня прадставіў акторскае чытаньне сьведчаньняў ахвяраў гвалту ў Беларусі ў часе затрыманьня на акацыях пратэсту і далейшага знаходжаньня ў ізалятарах.

Рэжысэры Паўло Ар’е і Тамара Трунова разам з акторамі рэалізавалі гэтую пастаноўку на ініцыятыву арганізацыі Free Belarus Center, створанай ва Ўкраіне для дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад гвалту міліцыі і вымушаныя былі зьяжджаць зь Беларусі ад перасьледу.

РэжысэрПаўло Ар'е
РэжысэрПаўло Ар'е

«Гэта дакумэнтальны тэатральны пэрформанс. Мы ўсе станем сьведкамі дакумэнтальнага тэатру», — сказаў Паўло Арʼе пра гэты праект.

Для чытаньня на сцэне былі выбраныя сьведчаньні зь «Белай кнігі правасудзьдзя», створанай у супрацы Беларускага Прэс-клюбу, незалежных СМІ, Беларускай асацыяцыі журналістаў і праваабарончых арганізацый. Частка матэрыялу была прысьвечаная затрыманьню прадстаўнікоў Беларускага прэс-клюбу.

Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.
Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.

Перад чытаньнем на сцэне шэраг актораў выйшлі са сваімі «сьведчаньнямі» на вуліцы Кіева і прапанавалі звычайным украінцам іх пачытаць, каб адказаць на пытаньне — ці маглі быць рэальнымі такія гісторыі. Найчайсьцей грамадзяне Ўкраіны адказвалі, што хутчэй за ўсё гэта падзеі або ў акупаваным Данецку, або ў Беларусі.

У сувязі з эпідэміяй каранавірусу тэатар вымушаны быў абмежаваць колькасьць гледачоў, але ўжо за некалькі дзень да прэм’еры ўсе месцы былі забраняваныя. Тэатар і Free Belarus Center вялі жывую трансьляцыю пастаноўкі.

Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.
Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.

Акторы прачыталі сьведчаньні маці 17-гадовага Цімура М., які 12 жніўня быў зьбіты так, што спатрэбілася штучная кома. У верасьні, празь паўтара месяца пасьля гэтых падзеяў яна памерла. Гледачы таксама даведаліся аб гісторыі затрыманьня лекараў Вітушак, аб загінулым гамельчуку Аляксандры Віхоры і іншыя сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-сьнежні 2020 году.

На акторскія чытаньні, якія адбываліся па-ўкраінску, прыйшлі шмат беларусаў, якія знаходзяцца ў Кіеве ў вымушанай эміграцыі.

Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.
Кіеўскае чытаньне «Белай кнігі правасудзьдзя», 29 сьнежня 2020 г.

Тэатар драмы і камэдыі на Левым беразе мае даўнія дачыненьні зь Беларусьсю. Апошнія некалькі гадоў менавіта на гэтай сцэне ставілі свае спэктаклі беларускія рэжысэры Дзьмітры Багаслаўскі і Яўген Карняг, а ўкраінскія — у тэатры беларускай драматургіі ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG