Паводле інфармацыі тэлеканалу N1, эпіцэнтар штуршкоў знаходзіўся ў горадзе Пэтрыня, за 50 кілямэтраў ад сталіцы краіны Заграбу. Тэлеканал са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі гораду паведаміў пра гібель 12-гадовага дзіцяці. Іншыя дэталі не прыводзяцца. N1 паказаў кадры, як ратавальнікі выносяць з-пад завалаў мясцовага жыхара зь дзіцём, якія выжылі.
Пра вялікую колькасьць пацярпелых у Пэтрыні, а таксама ў суседнім горадзе Сісаку паведаміў кіраўнік службы тэрміновай мэдычнай дапамогі Сісака Таміслаў Фабіяніч. У пацярпелых, паводле яго словаў, пераломы, страсеньне мозгу, некаторых давялося апэраваць.
Навінавае агенцтва Славеніі STA перадало, што ў якасьці меры засьцярогі ўлады вырашылі на нейкі час спыніць адзіную ў краіне атамную электрастанцыю, якая знаходзіцца за сто кілямэтраў ад эпіцэнтру штуршкоў.
Землятрус адчуваўся ў Заграбе, дзе людзі ў паніцы выбягалі на вуліцы. Штуршкі таксама адчулі жыхары шэрагу рэгіёнаў у Босьніі і Сэрбіі.
Балканская служба Радыё Свабода адзначае, што моцныя штуршкі адбываюцца ў Харватыі другі дзень запар.