Жонка Сноўдэна, Ліндсі Мілс, разьмясьціла 26 сьнежня ў інтэрнэце свой здымак разам з мужам і дзіцём. Расейскі адвакат Сноўдэна Анатоль Кучарэна ў той жа дзень паведаміў журналістам, што ў пары нарадзіўся сын, і што «здароўе маці і дзіцяці выдатнае».
У пачатку сьнежня Кучарэна заяўляў, што Эдвард Сноўдэн вырашыў захаваць амэрыканскіх пашпарт і атрымаць адначасова расейскі. Цяпер у яго бестэрміновы від на жыхарства.
Пасьля выдаваньня сакрэтных зьвестак аб амэрыканскай праграме электроннага сачэньня Сноўдэн, які працаваў у Агенцтве нацыянальнай бясьпекі (АНБ), пакінуў Злучаныя Штаты ў 2013 годзе. На радзіме ён аб’яўлены ў вышук па абвінавачваньні ў шпіянажы. Спачатку Эдвард Сноўдэн уцёк у Ганконг, а затым — у Расею.
Камэнтуючы дадзеныя пра тое, што ён хоча атрымаць расейскае грамадзянства, захаваўшы амэрыканскае, Сноўдэн падкрэсьліваў, што ён і яго жонка «застануцца амэрыканцамі, выхоўваючы сына ў духу каштоўнасьцяў Амэрыкі, якія яны любяць, у тым ліку свабоды самавыяўленьня».