Пра гэта «Северо-Запад. МБХ медиа» паведаміў прадстаўнік беларускага зямляцтва Артур Грунтаў.
«Да нас падыйшоў супрацоўнік паліцыі і сказаў, што нам забараняецца знаходзіцца ля адзьдзяленьня амбасады зь беларускай атрыбутыкай і крычаць лёзунгі».
Па словах Грунтава, забарону паліцыянт патлумачыў 54-м фэдэральным законам, які забараняе грамадзянам замежных дзяржаў ладзіць мітынгі на тэрыторыі Расеі. На пярэчаньні Грунтава стасоўна таго, што акцыі беларусаў нельга аднесьці да мітынгаў, афіцэр паліцыі сказаў, што публічныя мерапрыемствы таксама забароненыя, прычым «пад забарону трапяць ня толькі вялікія сьцягі, але і стужкі са значкамі».
«Супрацоўнік патлумачыў: калі трэба, мы ў судзе дакажам, што ваш значок — гэта атрыбутыка», — распавёў Грунтаў.
Паводле яго, паліцыя пачне штрафаваць людзей з сымболікай з суботы. Штраф складзе чатыры тысячы расейскіх рублёў (каля 139 беларускіх).
Таксама паліцыянт паведаміў, што людзям ня будуць замінаць стаяць ля амбасады, але толькі безь сьцягоў і іншай атрыбутыкі.
Беларусы Санкт-Пецярбургу 139 дзён запар выходзяць да будынку аддзяленьня амбасады Беларусі з нацыянальнай сымболікай, патрабуючы адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.