Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Фэдэрацыі Расеі дазволіў прызнаваць замежнымі агентамі фізычных асобаў


Савет Фэдэрацыі РФ ухваліў законапраект, які дазваляе прызнаваць замежнымі агентамі фізычных асобаў і грамадзкія аб’яднаньні без утварэньня юрыдычнай асобы, калі яны займаюцца палітыкай у Расеі і атрымліваюць замежнае фінансаваньне

Такія абʼяднаньні і фізычныя асобы будуць абавязаныя падаць заяўку на ўключэньне іх у сьпіс замежных агентаў, пасьля чаго рэгулярна даваць справаздачу міністэрству юстыцыі аб сваёй дзейнасьці. Фізычныя асобы, якія абвешчаныя замежнымі агентамі, ня змогуць займаць пасады на дзяржаўнай і муніцыпальнай службе, а таксама быць дапушчаныя да дзяржаўнай таямніцы.

Падставай для прызнаньня замежным агентам могуць паслужыць такія формы палітычнай дзейнасьці, як правядзеньне мітынгаў і публічных дэбатаў, распаўсюджваньне меркаваньняў аб дзяржаўнай палітыцы, дзеяньні, накіраваныя на атрыманьне пэўнага выніку на выбарах ці рэфэрэндуме, удзел у назіраньні за выбарамі ці ў дзейнасьці палітычных партыяў, калі яны праводзяцца ў інтарэсах замежных крыніц.

СМІ павінны будуць пазначаць статус замежнага агента ў публікацыях пра іх, але гэтае патрабаваньне ня будзе пашырацца на публікацыі інтэрнэт-карыстальнікаў, у тым ліку блогераў.

Раней на гэтым тыдні Дзяржаўная дума РФ ухваліла законапраект аб замежных агентах у трэцім чытаньні. Асобна ў канчатковым чытаньні быў прыняты пункт законапраекту, які ўводзіць крымінальную адказнасьць — да пяці гадоў пазбаўленьня волі — у дачыненьні да фізычных асобаў-замежных агентаў, калі яны не падалі заяву на ўключэньне ў адпаведны рэестар ці не даюць справаздачы аб сваёй дзейнасьці.

Расейскае заканадаўства аб замежных агентах рэгулярна крытыкуюць праваабаронцы, міжнародныя арганізацыі і прафэсійная журналісцкая супольнасьць, якія зазначаюць, што гэтыя нормы ўяўляюць небясьпеку для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Расеі.

Два тыдні таму старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Савіных паведаміў, што ў Беларусі ёсьць намер прыняць закон аб замежных агентах, падобны да расейскага.

Закон «Аб некамэрцыйных арганізацыях» з паняцьцем «замежны агент» прынялі ў Расеі ў 2012 годзе. Пад словамі «замежны агент» маюцца на ўвазе замежныя некамэрцыйныя арганізацыі, якія:

  • займаюцца «палітычнай дзейнасьцю» на тэрыторыі Расеі. Гэта выпадкі, калі пэўная ўстанова ўдзельнічае, у тым ліку шляхам фінансаваньня, у арганізацыі палітычных акцыяў дзеля ўзьдзеяньня на рашэньні дзяржаўных органаў, а таксама ў фармаваньні грамадзкай думкі;
  • атрымліваюць «грашовыя сродкi i iншую маёмасьць ад замежных дзяржаваў, міжнародных і замежных арганізацыяў, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG