Працэс па гэтай справе пачаўся 23 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну, справу разглядала судзьдзя Вольга Шодар. Прадстаўнікі МЗС на працэс не прыйшлі. Сам Уладзімер Астапенка, які зь сям’ёй цяпер знаходзіцца ў Варшаве, праз свайго адваката падаваў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе праз канфэрэнц-сувязь. Аднак судзьдзя яго адхіліла на падставе «немагчымасьці тэхнічнай арганізацыі» гэтага.
Судзьдзя Вольга Шодар таксама адхіліла большасьць хадайніцтваў, пададзеных адвакатам дыплямата Сяргеем Зікрацкім. А 24 сьнежня вынесла рашэньне, згодна зь якім прэтэнзіі Ўладзімера Астапенкі да МЗС Беларусі прызнаныя неабгрунтаванымі.
Таксама 21 сьнежня стала вядома, што супраць самога Ўладзімера Астапенкі крымінальную справу завяла Генпракуратура. Яго абвінавачваюць у крадзяжы 2393 даляраў праз злоўжываньне службовым становішчам.
Сам дыплямат настойвае, што гэтыя грошы выкарыстаў на вяртаньне з Аргентыны разам зь сям’ёй і багажом. І нават зэканоміў сродкі амбасады, бо прыляцеў ня ў Менск, а ў Варшаву, што абышлося таньней. Аб працэсуальных дзеяньнях па гэтай справе пакуль нічога невядома.