Стаўшы законам, ён дазволіць, сярод іншага, заявіць, што ЗША не прызнаюць вынікаў фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году, а таксама не дазволіць прызнаць Лукашэнку законна абраным лідэрам Беларусі.
Законапраект таксама заклікае да правядзеньня ў краіне новых прэзыдэнцкіх выбараў, якія адпавядаюць стандартам АБСЭ, і да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных заняволеных у Беларусі.
Акрамя ўсяго іншага, ЗША адмаўляюцца прызнаць любую інтэграцыю Беларусі ў так званую «саюзную дзяржаву» разам з Расеяй і пад яе кантролем.
Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ў камэнтары для «Голасу Амэрыкі» сказаў, што апошняя вэрсія Акту лепшая, чым аналягічны дакумэнт, які быў прыняты больш за 15 гадоў таму. У законапраекце дадзеная справядлівая адзнака таго, што адбываецца ў Беларусі, лічыць Алесь Бяляцкі:
«Афіцыйная пазыцыя Вашынгтона з нагоды фальсыфікацыі выбараў у рэспубліцы і нелегітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі ўжо была неаднаразова выказаная, — дадаў ён. — Але тое, што неўзабаве дэклярацыі будуць замацаваны законам, цалкам мяняе справу і ўносіць яснасьць на доўгія гады наперад — незалежна ад таго, хто ўзначаліць ЗША».
Таксама важныя крокі для ўмацаваньня дэмакратыі і абмежаваньня рэпрэсіўных мер, якія беларускія ўлады актыўна ўжываюць супраць свайго народу, канстатаваў Алесь Бяляцкі. «Таму я з праваабарончага пункту гледжаньня, безумоўна, выступаю за дакумэнт, — падкрэсьліў ён. — Гэта тычыцца і блёку падтрымкі няўрадавых арганізацый, грамадзянскай супольнасьці і захадаў, накіраваных на ўзмацненьне міжнароднага ціску на аўтарытарны рэжым, і канкрэтных інструмэнтаў для абмежаваньня агрэсіўнасьці рэжыму. Адносна санкцыяў тут таксама ўсё адэкватна».
У той жа час старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» зазначыў, што варта пачакаць і паглядзець, як усё пойдзе ў рэальнасьці, наколькі дакумэнт будзе адпавядаць сытуацыі:
«Пакуль ён яшчэ носіць рамачны характар. Канкрэтныя крокі, якія затым будуць зробленыя, напэўна, больш выразна растлумачаць, наколькі Акт стане больш эфэктыўным у параўнаньні з папярэднім. Але мне ўяўляецца, што гэта вельмі важны і своечасовы крок, бо беларускія ўлады сур’ёзна сочаць за палітычнай рэакцыяй ЗША. Яны паважаюць толькі сілу».
Напэўна, прыклад Кангрэсу ЗША зможа падштурхнуць і Эўразьвяз да больш актыўных дзеяньняў на беларускім напрамку, выказаў здагадку Алесь Бяляцкі. «Мы зб нецярпеньнем, чакаем, калі дакумэнт набудзе моц», — рэзюмаваў праваабаронца.