Матэрыялы на Ўладзімера Астапенку ў пракуратуру паступілі зь Міністэрства замежных спраў, паведаміла Генпракуратура.
Яна сьцьвярджае, што падазраваны шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі завалодаў 2393 далярамі ЗША, што па курсе Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь склала 6077 рублёў. Гэтыя грошы экс-амбасадар нібыта выкарыстаў у асабістых мэтах.
Пракуратура кваліфікавала дзеяньні Астапенкі паводле ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэксу і заявіла, што дзеяньні былога амбасадара прычынілі шкоду пасольству Беларусі ў Аргентыне.
Вядома, што Астапенка цяпер не ў Беларусі.
Уладзімер Астапенка пракамэнтаваў крымінальную справу, распачатую супраць яго, у Тэлеграм-канале Народнага антыкрызіснага кіраваньня.
Ён зьвязаў абвінавачваньне супраць сябе з разглядам ягонага пазову да Міністэрства замежных спраў з патрабаваньнем зьмяніць фармулёўку прычыны яго звальненьня.
Паводле Астапенкі, справа, распачатая супраць яго, «уяўляецца палітычна матываванай і зьяўляецца чарговым сьведчаньнем прававога свавольля з боку нелегітымнай беларускай улады».
«Як я мяркую, у гэтай „справе“ гаворка ідзе пра сродкі, выдаткаваныя амбасадай Беларусі ў Аргентыне на набыцьцё авіябілетаў і аплату дадатковага багажу пры адкамандзіраваньнi маёй сям’і з Буэнас-Айрэсу. Больш дэталёвыя камэнтары па гэтым пытаньні я дам пасьля таго, як мой адвакат азнаёміцца з адпаведнымі матэрыяламі», — напісаў Астапенка.
Дзьве заявы амбасадара Астапенкі
Трэцяга лістапада Ўладзімера Астапенку вызвалілі ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Беларусі ў Аргентыне, фармальна ў сувязі з учынкам, не сумяшчальным са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе. Раней дыплямат напісаў два звароты ў МЗС Беларусі з просьбай аб звальненьні і з пратэстам з нагоды гвалту ў краіне, а пасьля запісаў і відэазварот зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Астапенка падаў заяву аб адстаўцы яшчэ ў дзень таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасьня. Але 27 кастрычніка ён заяву адклікаў і падаў новую: у сувязі з парушэньнем наймальнікам заканадаўства. У прыватнасьці, на ягоную думку, дапушчаныя:
- шматлікія парушэньні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязаньнях;
- відавочныя і грубыя фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, што стала прычынай іх непрызнаньня 27 дзяржавамі — сябрамі Эўразьвязу, Вялікай Брытаніяй, ЗША, Канадай, Украінай і іншымі;
- неапраўдана жорсткая рэакцыя органаў унутраных спраў (ужываньне празьмернай сілы і спэцсродкаў) у адказ на законныя акцыі мірнага пратэсту;
- неправамернае зацягваньне прыняцьця рашэньняў аб завядзеньні крымінальных спраў па фактах забойстваў, катаваньняў, гвалту, масавых зьбіваньняў, адвольных затрыманьняў, ілжывых сьведчаньняў з боку праваахоўных органаў;
- невыкананьне патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародна-прававых звычаяў, якія прадугледжваюць неабходнасьць забесьпячэньня максымальнай публічнасьці пры арганізацыі цырымоніі прэзыдэнцкай інаўгурацыі.
«Адсутнасьць міжнароднай легітымнасьці кіраўніка дзяржавы не дазваляе мне і як дыплямату, і як патрыёту сваёй краіны працягваць добрасумленнае выкананьне службовых абавязкаў амбасадара, знаходзячыся ў падначаленьні ў асобы, якая ня мае права выказваць волю беларускага народу», — тлумачыў Астапенка.
Хто такі Астапенка
Уладзімер Астапенка — карʼерны дыплямат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу амбасадаў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазьней — паслом у Чылі, Парагваі і Пэру па сумяшчальніцтве.
У лістападзе экс-амбасадар Беларусі ў Аргентыне далучыўся да Народнага антыкрызіснага кіраваньня.
Адстаўкі дыпляматаў пасьля 9 жніўня
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС праз сваю грамадзянскую пазыцыю, агучаную публічна. Пасаду і/або дыпляматычны ранг страцілі паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славаччыне.
Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства паводле артыкула.
Кіраўнік дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы МЗС Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўленьня Эўропы МЗС Павал Слюнькін самі пайшлі ў адстаўку.