Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суседзі Рамана Бандарэнкі стварылі анімацыйны ролік у памяць пра яго. ВІДЭА


Разьвітаньне з Раманам Бандарэнкам на "плошчы Пераменаў"
Разьвітаньне з Раманам Бандарэнкам на "плошчы Пераменаў"

Жыхары «плошчы Пераменаў» і суседніх мікрараёнаў Менску стварылі анімацыйны фільм, прысьвечаны сваму суседу Раману Бандарэнку. 21 сьнежня мінула 40 дзён зь яго гібелі.

Ідэя стварыць ролік у памяць пра Рамана зьявілася неўзабаве пасьля яго сьмерці, расказала адна з чытачак Tut.by. Усё пачалося зь верша, які выклала ў дваровы чат жыхарка «плошчы Пераменаў».

«Так зьявілася ідэя „ажывіць“ верш. Я займаюся анімацыяй, прапанавала зрабіць ролік, — кажа яна. — Раман вучыў дзяцей маляваць, у сувязі з гэтым узьнікла думка, каб малюнкі для сюжэту падрыхтавалі дзеці. Малявалі іх хлопчыкі і дзяўчынкі з „плошчы Пераменаў“ і суседніх раёнаў».

Начытку верша таксама вырашылі даверыць дзецям. Падзялілі на часткі, кожны з малых удзельнікаў павінен быў запісаць свой кавалачак на дыктафон.

«Чытаць вершы на такія сур’ёзныя тэмы дзецям было складана, — кажа аніматарка. — Каб атрымаць прыдатную агучку, на выразы „і адразу ў іншы сьвет“ або „як дзіўна паміраць“, давялося прыцягнуць нямала кандыдатаў. Плянавалі, што ўсё атрымаецца хутчэй, але працэс зацягнуўся. Але да 40 дзён ад сьмерці Рамана работа якраз была гатовая».

11 лістапада Раман Бандарэнка выйшаў у двор, каб запытаць у людзей у цывільным і ў масках, навошта яны здымаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Паводле відавочцаў, тыя на яго накінуліся, сталі біць, а потым затрымалі і аднесьлі ў мікрааўтобус.

Праз паўтары гадзіны яго прывезьлі з Цэнтральнага РУУС Менску ў шпіталь хуткай дапамогі. Апэрацыя доўжылася некалькі гадзін, аднак лекары дапамагчы не змаглі.

Інфармацыі пра крымінальную справу паводле факту гібелі Рамана Бандарэнкі няма. Затое Генэральная пракуратура пачала справу на падставе ч. 3 арт. 178 КК у дачыненьні да лекара-анестэзіёляга Арцёма Сарокіна і журналісткі парталу Tut.by Кацярыны Барысевіч (разгалошваньне мэдычнай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы).

Кацярына была аўтарам матэрыялу пра тое, што на момант паступленьня ў лякарню ў крыві Рамана не было этанолу — афіцыйныя асобы сьцьвярджаюць, што малады чалаек быў п’яны.

Алена Бандарэнка, маці Рамана, ня мае прэтэнзій ні да лекара, ні да журналісткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG