Сьцісла
- Паводле камэнтару міністра фінансаў, у бюджэце на наступны год не закладзены грошы на правядзеньне рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі.
- Улады баяцца рэфэрэндуму.
- Дзейная Канстытуцыя прадугледжвае, што перагляд паўнамоцтваў органаў кіраваньня можа быць прыняты толькі праз рэфэрэндум.
- Прыняцьце Канстытуцыі неканстытуцыйным органам — Усебеларускім народным сходам — было б прававым абсурдам.
З гэтага можна зрабіць выснову, што ўлады вырашылі праводзіць так званую «канстытуцыйную рэформу» з грубым парушэньнем працэдуры.
Відавочна, чаму ўлады баяцца рэфэрэндуму. Мінулыя прэзыдэнцкія выбары выклікалі рэвалюцыю. Любая новая электаральная кампанія ў краіне прывядзе да новага народнага выбуху. Магчыма, улады спадзяюцца, што зь цягам часу сытуацыя ў краіне супакоіцца, і тады можна будзе ў канцы 2021 году ціха правесьці мясцовыя выбары. Маўляў, каму ў Беларусі цікавыя гэтыя мясцовыя саветы. А вось Канстытуцыя — іншая справа, рэфэрэндум аб ёй палітычна небясьпечны.
Але справа ў тым, што з прававога гледзішча, без рэфэрэндуму абысьціся нельга. У артыкуле 140 дзейнай Канстытуцыі запісана, што разьдзелы І, ІІ, IV, VIII «могуць быць зьмененыя толькі праз рэфэрэндум». А ў разьдзеле IV гаворка ідзе пра паўнамоцтвы органаў кіраваньня (прэзыдэнта, пралямэнту, ураду). То бок, якраз тое, што зьбіраюцца мяняць. Таму прыняцьце паправак у Канстытуцыю без рэфэрэндуму — гэта грубае парушэньне дзейнага Асноўнага закону.
Яшчэ большым прававым абсурдам будзе прыняцьце Канстытуцыі Ўсебеларускім народным сходам (УНС). У артыкуле 138 дзейнай Канстытуцыі запісана: «Пытаньне аб зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі разглядаецца палатамі парлямэнту з ініцыятывы Прэзыдэнта або ня менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам». Усё. Ніякай згадкі пра УНС там няма.
Ня меншым прававым абсурдам зьявілася б наданьне канстытуцыйнага статусу УНС самім гэтым сходам. То бок нікім ня выбраны УНС аб’явіць сябе найвышэйшым органам улады і на гэтай падставе прыме новую Канстытуцыю. Гэта юрыдычны нонсэнс.
Калі ўжо Лукашэнку так хочацца ўзаконіць статус УНС, то з прававога гледзішча для рэалізацыі гэтай задумы трэба рухацца прававым шляхам. Гэтага няможна зрабіць ні рашэньнем Нацыянальнага сходу, ні прэзыдэнцкім указам. Такое рашэньне можна прыняць толькі на рэфэрэндуме (гл. артыкул 140).
То бок прававыя маніпуляцыі з прыняцьцем УНС новай Канстытуцыі зь юрыдычнага гледзішча будуць зьяўляцца канстытуцыйным пераваротам.
Вядома, на права, закон, Канстытуцыю беларускія ўлады даўно не зьвяртаюць асаблівай увагі. Тым ня менш нават на тле таго юрыдычнага свавольля, якое пануе ў Беларусі, рэалізацыя задумы, на якую намякаў Лукашэнка, стане сапраўдным выклікам грамадзкай сьвядомасьці. Гэта проста падліваньне алею ў агонь народнага абурэньня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.