Пэнсіянэры дванаццаты раз сабраліся на акцыю пратэсту ў Менску. Яна была нешматлікая і не на ранейшым месцы збору.
21 сьнежня некалькі чалавек прыйшлі да Чырвонага касьцёла ў Менску, нягледзячы на блякаваньне плошчы Незалежнасьці сілавікамі, сярод удзельнікаў акцыі была Ніна Багінская з нацыянальным сьцягам, паведамляе Оnliner.
Апрача таго пэнсіянэры зьбіраліся каля ўнівэрмагу «Беларусь» у Менску. Яны хадзілі вакол ялінкі і скандавалі: «Верым! Можам! Пераможам!»
На апошніх маршах сілавікі не давалі пратэстоўцам рухацца праспэктам Незалежнасьці, блякавалі і расьсякалі калёну, затрымлівалі і судзілі ўдзельнікаў. Тыдзень таму затрымалі каля ста пэнсіянэраў, якія вадзілі карагод на плошчы Незалежнасьці.
На плошчы Незалежнасьці ў Менску 21 сьнежня была заўважаная невялікая група пэнсіянэраў, але яны нікуды не пайшлі. Улады падагналі жоўтыя аўтобусы, у такія садзілі затрыманых пэнсіянэраў тыдзень таму.