Падчас простай тэлефоннай лініі першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Юры Назаранка заявіў, што ім вядома пра гэтае відэа, паведаміў Tut.by. Назаранка сказаў, што МУС праводзіць праверку фактаў на відэа, дзе ў Фрунзэнскім РУУС з затрыманымі, паводле яго, «абыходзяцца ня вельмі добра».
Паводле Назаранкі, задачу правесьці праверку паставіў міністар, пасьля яе «будуць зробленыя пэўныя высновы».
18 сьнежня ініцыятыва BYPOL апублікавала на YouTube відэа з кадрамі таго, што адбылося ў Фрунзэнскім РУУС Менску 12 жніўня. У спартовую залю прывялі шмат затрыманых людзей, трымалі іх на падлозе тварам долу і білі, патрабуючы адказваць на пытаньні на камэру, загадвалі аблізваць міліцэйскі дручок.