«Я прапанаваў спадарыні Ціханоўскай — нашы людзі кантактавалі, і я быў гатовы правесьці зь ёй тэлефонную размову, — але сапраўды я перадаў, што вельмі важна, каб у спадарыні Ціханоўскай была дакладная пазыцыя наконт расейскай агрэсіі ва Ўкраіне», — сказаў Дзьмітро Кулеба ў этэры радыё «НВ».
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны перакананы, што гэта адпавядае і інтарэсам Сьвятланы Ціханоўскай. «Калі яна прыедзе ва Ўкраіну і пачне размаўляць са СМІ, то першае пытаньне будзе „Чый Крым?“, і які-небудзь недакладны адказ спрацуе супраць самой спадарыні Ціханоўскай. Я нават больш пра яе клапачуся, чым пра сябе. Я адкрыты для кантактаў, але да ўсяго, як той казаў, трэба сасьпець усім бакам», — дадаў ён.
Дзьмітро Кулеба адзначыў, што зь беларускімі ўладамі наўрад ці магчыма аднавіць палітычныя кантакты. «Відавочна, што палітычна мы зь Беларусьсю разышліся, і гэтыя паралелі ўжо не перасякуцца ў цяперашнім фармаце палітычнай улады Беларусі, але ёсьць міжчалавечыя і эканамічныя сувязі», — падкрэсьліў міністар.
«Украіна максымальна адкрытая да беларускага народу, і мы стаім на пазыцыі ягоных правоў і інтарэсаў. На раньніх стадыях гэтага крызісу нас абвінавачвалі, што мы мала робім, але ў нас і так было ўсё адкрыта. А эканамічна, я перакананы, трэба не замахвацца на эканамічна-гандлёвыя дачыненьні. Гэта палітычны крызіс, а ня крызіс паміж дзяржавамі і краінамі. Гэта крызіс між палітычным кіраўніцтвам», — патлумачыў Дзьмітро Кулеба.
У той жа час сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Данілаў за апошнія два дні на некалькіх міжнародных перамовах падкрэсьліў, што сытуацыя ў Беларусі ёсьць выклікам і патэнцыйнай пагрозай для Ўкраіны, бо «Расея не жадае страчваць уплыў».
Украіна, як і краіны ЭЗ, не прызнала легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, прыпыніўшы з жніўня ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам. У верасьні стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скасаваў візыт у Беларусь для ўдзелу ў трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.
Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам першых санкцыяў да Беларусі Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна далучыцца да іх, але эканамічную супрацу будзе працягваць.
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля сустрэчы з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым 25 лістапада заявіў, што Менск падрыхтаваў санкцыйны сьпіс шэрагу афіцыйных асобаў Украіны. Але ніводнага прозьвішча кіраўнік беларускага МЗС не назваў.
У пачатку сьнежня міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што на цяперашнім этапе ня бачыць «фундамэнтальнай неабходнасьці» ў эканамічных санкцыях Украіны супраць Беларусі.