Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выснова праваабаронцаў пра выбары: кампанія на ўсіх этапах не адпавядала міжнародным стандартам


Выбарчы ўчастак у Магілёве. Прэзыдэнцкія выбары 2020 году
Выбарчы ўчастак у Магілёве. Прэзыдэнцкія выбары 2020 году

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала выніковую справаздачу па выніках назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Паводле аналізу, выбарчы працэс на ўсіх этапах адрозьніваўся ад міжнародных стандартаў правядзеньня справядлівых выбараў.

Сярод сотняў парушэньняў самымі вызначальнымі ў сваёй справаздачы праваабаронцы прызналі: выключэньні з перадвыбарнай гонкі папулярных кандыдатаў; актыўнае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць Лукашэнкі; адсутнасьць бесстароньніх выбарчых камісій; прымус выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні; закрытасьць шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.

Увядзеньне ЦВК абмежаваньняў для колькасьці назіральнікаў на ўчастках для галасаваньня прывяло да зрыву назіраньня за ўсімі яго відамі, а таксама за падлікам галасоў. Адзначаецца, што «важныя этапы выбарчай кампаніі прайшлі цалкам непразрыста».

Аўтары дакумэнту падкрэсьлілі, што пры фармаваньні выбарчых камісій выканкамы ўжылі дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазыцыйных партый: з 545 вылучаных імі ў склад участковых камісій увайшлі толькі 6 чалавек (1,1% ад вылучаных). Справаздача падагульняе, што ўсе 484 скаргі ў суды на рашэньні аб утварэньні выбарчых камісій засталіся альбо без задавальнення, альбо без разгляду.

Агітацыя на карысьць Лукашэнкі спалучалася з шырокай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш актыўных альтэрнатыўных кандыдатаў. У этэры тэлевізійных каналаў рэгулярна выходзілі сюжэты са зьвесткамі з крымінальных спраў, якія дыскрэдытавалі такіх кандыдатаў, прадстаўнікоў іх штабоў, у тым ліку выключаных зь перадвыбарнай гонкі Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку. Для іх дыскрэдытацыі актыўна выкарыстоўваліся і Telegram-каналы.

Па зьвестках Беларускай асацыяцыі журналістаў, перадвыбарчыя звароты кандыдатаў трансьляваліся ў нярэйтынгавы час. Іх прыхільнікі і апанэнты ня мелі магчымасьці абмеркаваць іх зьмест на дзяржаўнай тэлевізіі ці радыё. Выступы кандыдатаў не анансаваліся, а прозьвішчы ў праграмах не падпісвалі. Акрамя таго, інфармацыя пра чарговасьць і час выступу кожнага з кандыдатаў адсутнічала.

Прынятыя на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі меры заахвочваньня ў выглядзе павышэньня пэнсій, пераносу на больш раньні тэрмін іх выплаты зьяўляліся подкупам выбарнікаў.

Праблемаў зазналі і назіральнікі. З 798 назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», акрэдытаваных на выбарчых участках у пэрыяд датэрміновага галасаваньня, толькі аднаму прадстаўніку кампаніі далі магчымасьць назіраць на працягу ўсіх пяці дзён датэрміновага галасаваньня.

З самага пачатку датэрміновага галасаваньня назіральнікі зазнавалі ціск і перасьлед з боку іншых членаў камісій, міліцыі, а некаторыя нават з боку сваіх працадаўцаў.

Шэраг беларускіх грамадзян выбарчага веку ня здолеў прагаласаваць у асноўны дзень, бо не пасьпеў гэтага зрабіць. У Менску, Берасьці і шэрагу іншых гарадоў паведамлялася аб вялікіх чэргах выбарнікаў на ўчастках, на шэрагу ўчасткаў агульная яўка склала болей за 100%. Гэтыя факты яшчэ раз пацьвярджаюць відавочнае перавышэньне яўкі датэрміновага галасаваньня.

Нягледзячы на ў цэлым мірны характар пратэстаў, супраць дэманстрантаў, а таксама выпадковых людзей, якія апынуліся ў месцах сутыкненьня зь сілавымі падразьдзяленьнямі, на працягу 9-12 жніўня ўжывалася непрапарцыйная фізычная сіла, спэцсродкі і ўпершыню ў гісторыі Беларусі сьвятлашумавыя гранаты, вадамёты і зброя — траўматычная, а ў асобных выпадках і баявая.

Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб тым, што ў шпіталі з раненьнямі за два дні пратэстаў было дастаўлена больш за 200 чалавек, некалькім патрабаваліся апэрацыі. Але згодна з усімі дадзенымі, якія праваабаронцы атрымалі ад мэдыкаў, толькі ў адным Менску ў пэрыяд з 9 па 21 жніўня ва ўстановы аховы здароўя зьвярнуліся больш за 1200 чалавек. Двое дэманстрантаў у гэты пэрыяд загінулі ў выніку прымяненьня зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG