Пра гэтую заяву намесьніка міністра абароны Беларусі Сяргея Патапенкі паведамляе Sputnik.
Патапенка зрабіў гэтую заяву ў сувязі з паступленьнем новага папаўненьня ва ўзброеныя сілы краіны і з пачаткам ад 1 сьнежня навучальнага году ў войсках.
Паводле Патапенкі, «асноўным напрамкам стане падрыхтоўка да сумесных з Расеяй вучэньняў». «Таму наша задача падрыхтаваць патрыёта, абаронцу нашай радзімы, які будзе ўпэўнена вывучаць узбраеньне і вайсковую тэхніку», — адзначыў Патапенка.
Вучэньні «Захад-2021» адбудуцца ў верасьні наступнага году на тэрыторыях Беларусі і Расеі.
Вучэньні «Захад» на тэрыторыі Беларусі праводзяцца раз на 4 гады, у папярэдніх «Захад-2017», паводле афіцыйных дадзеных, узялі ўдзел 13 тысячаў беларускіх і расейскіх вайскоўцаў.
Паводле зьвестак NATO, у вучэньнях узялі ўдзел значна больш вайскоўцаў.
Шэраг экспэртаў і палітыкаў у 2017 годзе выказвалі перасьцярогі, што вучэньні «Захад-2017» могуць быць выкарыстаныя для баявых дзеяньняў супраць краінаў Балтыі і Ўкраіны.