Калі сродкаў на рахунку не хапала, балянс сыходзіў у мінус. У некаторых людзей не было магчымасьці атрымаць нават пэнсіі — яны цалкам сьпісваліся за кошт атрыманай раней выплаты ад BY_help. Як паведамляе tut.by, цяпер карты зноў запрацавалі, а грошы вярнуліся.
Пасьля шматлікіх зваротаў грамадзянаў і работнікаў банкаў Нацыянальны банк разаслаў ліст «Аб накладаньні арышту на грашовыя сродкі», пісаў раней infobank.by. У лісьце Нацбанк патлумачыў, што грошы, якія паступаюць з іншых крыніц, арышту не падлягаюць.
Tut.by цытуе неназванага супрацоўніка аднаго з банкаў: «У лісьце было апісана некалькі сытуацый. У прыватнасьці, адна з іх такая: грошы прыйшлі з крыніцы, якая падлягае арышту, былі цалкам выдаткаваныя і адсутнічаюць на рахунку. Празь нейкі час на рахунак паступілі грошы зь іншай крыніцы: гэта можа быць зарплата, пэнсія, дапамога, іншыя пералічэньні. Яны арышту не падлягаюць. Таму банкі перагледзелі ўмовы арышту і зьнялі блякаваньні».