Зь дзяржаўнага бюджэту ў 2021 годзе вылучаць 50 млн рублёў на закуп вакцыны ад каранавірусу. Пра гэта заявіла начальніца галоўнага ўпраўленьня фінансаваньня сацыяльнай сфэры і навукі Міністэрства фінансаў Тацяна Астрэйка.
Пляны бюджэтных выдаткаў на вакцыну Астрэйка агучыла на выязным пашыраным пасяджэньні прэзыдыюму Савету Рэспублікі, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Тацяна Астрэйка паведаміла, што сёлета на змаганьне з інфэкцыяй улады накіравалі больш за 0,5 млрд рублёў.
У 2021 годзе Міністэрству аховы здароўя вылучаць 50 млн рублёў на закуп 2 млн дозаў вакцыны ад каранавірусу. Пры гэтым краіну паходжаньня вакцыны чыноўніца не назвала.
Раней у СМІ гучала інфармацыя пра расейскія вакцыны «Спутник V» і «ЭпиВакКорона», але пацьверджаньня на афіцыйным узроўні пакуль няма.
Пра закуп нерасейскіх вакцынащ ад каранавірусу пакуль не ідзецца.
Тацяна Астрэйка патлумачыла, што кошт лячэньня ў разьліку на пацыента складае ад 300 да 3,3 тысяч рублёў залежна ад цяжкасьці захворваньня. Пры гэтым закуп вакцыны дасьць значны эфэкт. Гэта абыдзецца ў 30 рублёў на чалавека.
Чыноўніца лічыць, што дзякуючы такім захадам можна будзе «ня толькі сфармаваць калектыўны імунітэт у грамадзтве, але і зьберагчы значныя сродкі, а заашчаджаныя рэсурсы накіраваць на аснашчэньне і ўмацаваньне сыстэмы аховы здароўя».