Апошні працоўны дзень спартоўца-інструктара нацыянальнай каманды — 31 сьнежня 2020 году.
«Вось і мяне спасьцігла доля сумленнага беларуса, які не маўчыць, — пракамэнтаваў атлет. — Яшчэ некалькі месяцаў таму для чыноўнікаў я быў ці ледзь не ідэалам спартоўца. Мяне ўганаравалі правам несьці агонь Эўрапейскіх гульняў, запрашалі на розныя цырымоніі і імпрэзы. Але пасьля жудасных падзеў у нашай краіне мяне паспрабавалі зрабіць здраднікам свайго віду і каманды. Тыя ж чыноўнікі палівалі брудам у прэсе, спрабавалі зьняславіць, прэсавалі ва ўласнай залі».
Як кажа Сьцяпан Папоў, засмуціла рэакцыя колішніх калегаў па зборнай. Наракалі, што цяпер у іх таксама будуць праблемы — хоць яшчэ нядаўна ледзь ня кожны абураўся наступствамі выбарнай кампаніі: падманам з падлікам галасоў і наступным гвалтам. А калі запатрабавалася быць сумленным найперш з самім сабой, такіх аказалася няшмат. Працягвалі жыць звычайным жыцьцём, забыўшыся пра падман і жорсткасьць.
«Дзеля чаго патрэбныя мэдалі і тытулы? — задаецца рытарычным пытаньнем Сьцяпан Папоў. — Рэжыму ні вашыя ўзнагароды, ні рэгаліі не патрэбныя, не спакушайцеся. Гэта было даказана ў апошнія тры месяцы. Абясцэнілі заслугі і імёны легендаў беларускага спорту, якія не прамаўчалі. Ім патрэбныя толькі пакорлівыя прыхільнікі, якія падтрымліваюць тое, што загадаюць. Так што мэдалі — гэта кавалак жалеза на вашай шыі і луста хлеба, якую вам за яго дадуць. І нават той хлеб забяруць, як захочуць — з маўклівымі гэта зрабіць прасьцей за ўсё».
Сёньня можна за адно імгненьне страціць куды больш каштоўную рэч — рэпутацыю, падсумоўвае Сьцяпан Папоў. Вось і зьяўленьне праўладнага ліста спартоўцаў-лукашыстаў — спроба пацягнуць яшчэ трохі часу і зьбіць фокус з асноўных праблемаў. Многія чамусьці паставіліся да яго занадта сур’ёзна і сталі актыўна паказваць, што яны самыя адданыя прыхільнікі рэжыму. Тым ня меней, подпіс нічога ня дасьць, акрамя страты аўтарытэту і ўнясеньня разладу ў шэрагі спартоўцаў.
Сьцяпан Папоў — заслужаны майстар спорту, чэмпіён сьвету і Эўропы ў самба, інструктар нацыянальнай зборнай, сябра камісіі спартоўцаў Міжнароднай фэдэрацыі самба (FIAS).
Першы самбіст у гісторыі, ушанаваны ўзнагародай Fair Play за сумленную барацьбу. У фінальным паядынку Эўрапейскіх гульняў-2015 у Баку, дзе беларус выйграў золата, вынес на плячах траўмаванага суперніка. Пасьля гэтага атрымаў мянушку «высакародны».