Новы пасол Францыі Нікаля дэ Лякост ўручыў копіі даверчых граматаў міністру замежных справаў Беларусі Ўладзімеру Макею, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Сустрэча адбылася 8 сьнежня. Бакі абмеркавалі «стан беларуска-францускіх дачыненьняў, а таксама актуальныя пытаньні міжнароднага парадку дня». Макей пажадаў новаму амбасадару плённай працы ў Беларусі.
Дэ Лякост прыбыў у Беларусь 30 лістапада, паведамілі БелаПАН у пасольстве Францыі. Да яго францускую дыпляматычную місію ў Беларусі зь верасьня 2016 да кастрычніка 2020 году ўзначальваў Дзідзье Канэс.
56-гадовы Нікаля дэ Лякост быў прызначаны амбасадарам у Беларусь дэкрэтам прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона ад 14 верасьня. Да прызначэньня ў Менск ён займаў пасаду намесьніка дырэктара ў кантынэнтальнай Эўропе галоўнай управы палітыкі й бясьпекі міністэрства Эўропы і замежных справаў. У 2012–2016 гадах працаваў першым дарадцам пасольства Францыі ў Расеі.
Цяперашняя ратацыя амбасадараў адбылася падчас абвастрэньня адносінаў афіцыйнага Менску зь дзяржавамі ЭЗ, у тым ліку з Францыяй, якая не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і Аляксандра Лукашэнку ў якасьці прэзыдэнта.
27 верасьня ў інтэрвію Le Journal du Dimanche Эманюэль Макрон назваў становішча ў Беларусі «крызысам аўтарытарнай улады» і заявіў, што Лукашэнка павінен сысьці. 29 верасьня падчас афіцыйнага візыту ў Вільню Макрон сустрэўся з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай. На сустрэчы ён усклаў надзеі на ўрэгуляваньне палітычнага канфлікту ў Беларусі на пасярэдніцтва АБСЭ.