Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі ва Ўкраіну пераехалі 40 ІТ-кампаніяў і больш як 2000 фрылянсэраў


Ва Ўкраіну з жніўня, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пераехалі каля 40 ІТ-кампаніяў і больш як 2000 фрылянсэраў зь Беларусі.

Як паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Ўкраіны, у краіне ажыцьцяўляецца адмысловы праект падтрыманьня беларускіх спэцыялістаў сэктару, распрацаваны супольна з ІТ-асацыяцыямі, міністэрствамі эканомікі і замежных справаў.

Адпаведны пакрокавы плян, які дазваляе беларускім спэцыялістам пераехаць ва Ўкраіну, падтрымліваюць прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі і міністар лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў.

Для беларусаў створаны адмысловы сайт, на якім можна даведацца аб неабходным для пераезду пакеце дакумэнтаў, а для хуткай дапамогі бесьперапынна працуе гарачая лінія.

Каб заахвоціць беларускіх ІТ-спэцыялістаў да пераезду ва Ўкраіну, Міністэрства лічбавай трансфармацыі ініцыявала замацаваньне на заканадаўчым узроўні выбару спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня нават без дазволу на часовае або сталае жыхарства, а таксама магчымасьці быць на тэрыторыі Ўкраіны больш за 90 дзён без дазволу на жыхарства.

У Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Ўкраіны ўдакладнілі, што распрацоўваюць і такія зьмены ў заканадаўства, якія дазволяць беларусам рэгістравацца як фізычная асоба-прадпрымальнік і ўжо на гэтай падставе атрымліваць дазвол на часовае жыхарства ва Ўкраіне.

На пачатку кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ № 420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягненьня прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія ёсьць грамадзянамі Рэспублікі Беларусі».

Беларускі бок назваў гэты дакумэнт недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам, а МЗС Беларусі ўручыў ноту ўкраінскаму амбасадару з прычыны таго, што Ўкраіна прыняла гэты ўказ «у парушэньне агульнапрынятых праўных нормаў распаўсюджвае сваё дзеяньне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы».

У верасьні ўкраінскі бок заяўляў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ва Ўкраіну зьехалі каля 300 прадстаўнікоў ІТ-індустрыі.

З восені ва Ўкраіне пачалі ствараць віртуальную свабодную эканамічную зону для ІТ-кампаніяў з асаблівым падатковым, фінансавым і праўным рэжымам «Дія. City». У распрацоўцы неабходнай заканадаўчай базы удзельнічае беларускі спэцыяліст Дзяніс Алейнікаў — адзін з аўтараў заканадаўства аб беларускім Парку высокіх тэхналёгіяў і дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Зь верасьня Дзяніс Алейнікаў працуе дарадцам міністра лічбавай трансфармацыі Ўкраіны Міхайлы Фёдарава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG