Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмеркавалі палітолягі Валер Карбалевіч і Юры Царык.
Карбалевіч
- Сэнс пасланьня Лукашэнкі: Беларусь — прамежкавая мэта Захаду, галоўная мэта — гэта Расея. Таму, абараняючы Беларусь, Расея абараняе і сябе.
- Я ня думаю, што рэч у недакладнай інфармацыі ці ў тым, што спэцслужбы трымаюць Лукашэнку ў штучнай ізаляцыі.
- Калі ў 2010 годзе ў Кіргізстане зрыналі Бакіева, Лукашэнка абураўся, чаму АДКБ ня ўмешваецца. Тое самае ён казаў і ў 2018 годзе падчас рэвалюцыі ў Армэніі.
- Для Лукашэнкі АДКБ — саюз для абароны дыктатараў ад іх народаў.
- За ўсю гісторыю самітаў АДКБ Лукашэнка ўпершыню апынуўся ў сытуацыі, калі кіраўнікі іншых дзяржаваў арганізацыі глядзелі на яго, як на хворага.
- Заявы Лукашэнкі на саміце АДКБ адрасаваныя тым беларусам, якія глядзяць БТ, і расейскаму электарату, які ў большасьці на баку Лукашэнкі ў яго канфлікце з народам.
Царык
- Узровень і якасьць інфармаваньня прэзыдэнта Беларусі вельмі нізкія.
- Тое, што ён агучыў на саміце АДКБ, грунтавана на кансьпіралягічных тэорыях, на інфармацыі, недакладна перакладзенай.
- Палякі калі і гавораць пра асаблівае стаўленьне да заходніх рэгіёнаў Беларусі, дык толькі ў гістарычным кантэксьце.
- Гэта стасуецца зь іншымі прыкметамі дысфункцыі дзяржаўнай сыстэмы краіны, я маю на ўвазе ўсе гэтыя «зьлівы» размоваў чыноўнікаў.
- Лукашэнка разумее, што пагроза захопу беларускіх земляў NATO, як той казаў, крыху перабольшаная.
- Адзін пасыл — у Беларусі няма ўнутраных чыньнікаў дэстабілізацыі. Гэта сыгнал грамадзтву і Крамлю, што няма падставаў для перамоваў з грамадзтвам.
- Другі пасыл — гэта спроба ўцягнуць Расею ў сваю канфрантацыю з Захадам.
- Гэта адказ на патрабаваньні Расеі, што трэба праводзіць канстытуцыйную рэформу, вызваляць палітвязьняў, найперш Віктара Бабарыку, і адыходзіць ад улады.
- Пра гэта казаў Лукашэнку Пуцін у Сочы, пра гэта казалі Нарышкін і Лаўроў, калі прыяжджалі ў Менск.
- З пункту гледжаньня Крамля Лукашэнка страціў падтрымку беларускага грамадзтва, таму ўсе пагадненьні, якія заключаюцца зь ім цяпер, будуць адразу ці потым пастаўленыя пад сумнеў.