Жорсткасьць супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Беларусі — норма ці анамалія? У размове з экспэртамі адказ на гэтае пытаньне шукала Deutsche Welle.
Ад першых дзён пратэстаў пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў улады Беларусі задзейнічалі супраць мірных дэманстрантаў вадамёты, сьвятлашумавыя гранаты, гумовыя кулі. Ёсьць загінулыя і пакалечаныя. Ніводная заява аб гвалце і катаваньнях з боку праваахоўнікаў так і не дайшла да суду.
Гвалт беларускія сілавікі ўжывалі і раней, аднак такой беспрэцэдэнтнай жорсткасьці не было, падкрэсьлівае Андрэй Сыцько, экс-супрацоўнік Генэральнай пракуратуры. Раней сілавікі, паводле яго, ганарыліся, што не ўжывалі спэцсродкаў і «насілі пратэстоўцаў на руках».
А вось былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар лічыць, што сілавікі заўсёды працавалі аднолькава жорстка — проста да гэтага году не было такіх маштабных і працяглых акцый пратэсту. Цяпер у задушэньні задзейнічаныя ўсе службы, кажа ён.
На думку Андрэя Сыцько, жорсткасьці сілавікоў спрыяюць у тым ліку ўмовы, у якіх яны вымушаныя працаваць: увесь час у падвышанай баявой гатоўнасьці, без выходных і адпачынкаў, у пастаянным разьмяшчэньні сваіх частак.
«Іх адсякаюць ад альтэрнатыўных інфармацыйных патокаў, запэўніваюць, што яны рэальна абараняюць краіну і ў першую чаргу — сябе, сваіх жонак і дзяцей. Ім расказваюць, што ў выпадку перамогі альтэрнатыўнага кандыдата менавіта да іх будуць ужытыя самыя жорсткія меры», — адзначае былы супрацоўнік Генпракуратуры.
Адной з прычын агрэсіі сілавікоў былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў называюць беспакаранасьць. З размоваў зь дзейнымі сілавікамі Ігар Макар ведае, што ў іх і думкі няма спыніць гвалт.
«Яны разумеюць, што ўсе іхныя зьверствы зафіксаваныя. Таму стаяць адзін за аднаго, ня хочуць, каб гэты рэжым абваліўся, бо тады кожнаму прыйдзецца адказваць за зробленае», — тлумачыць ён.
Лекар-псыхатэрапэўт Канстанцін Мінкевіч называе жорсткасьць і агрэсію уласцівымі чалавеку.
«Нам хочацца думаць, што сілавікоў чымсьці накармілі або ўжывілі ў галаву чып, але гісторыя чалавецтва ведае шмат падобных прыкладаў. Людзі, якія ўзялі ўладу і ня маюць над сабой кантролю, становяцца агрэсіўнымі і жорсткімі. Іх мог бы стрымліваць страх адказнасьці, розныя юрыдычныя мэханізмы, аднак у Беларусі гэта не працуе».
Паводле псыхатэрапэўта, амапаўцы самі могуць быць напалоханыя тым, што адбываецца, і агрэсіяй яны кампэнсуюць страх.