Грэка-каталіцкага святара Віталя Быстрова з Івацэвічаў сёньня прысудзілі да арышту на 10 содняў паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянавай акцыі).
Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».
«Ён невінаваты, справа ягоная нацягнутая. Нас гэта вельмі турбуе. Таксама як і выклік у крымінальны вышук на 1 сьнежня ксяндза Вячаслава Барка. І сьвятары, і вернікі Беларускага каталіцкага касьцёлу, — усе перажываюць, гэта яшчэ больш напальвае сытуацыю і пагражае нестабільнасьцю ў грамадзтве. Калі ўжо сьвятароў пачалі арыштоўваць і перасьледаваць за іхныя словы, то куды мы крочым», — пракамэнтаваў Свабодзе гэты выпадак прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла Юры Санько.
Паводле яго, у жніўні адразу пасьля выбараў двое каталіцкіх сьвятароў былі затрыманыя ў Баранавічах і адбылі 8-дзённы арышт, але іх тады схапілі ў цывільным, пасьля шуму ў СМІ іх адпусьцілі. Цяперашні прысуд айцец Юры Санько назваў беспрэцэдэнтным.
Раней каталіцкага біскупа Юрыя Касабуцкага і праваслаўнага сьвятара Сяргея Лепіна пракуратура папярэдзіла за іхную крытыку зьнішчэньня сілавікамі мэмарыялаў забітаму актывісту Раману Бандарэнку. Зь верасьня ўлады забараняюць уехаць у краіну кіраўніку Беларускага каталіцкага касьцёлу мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу.