Удзельніка групы «Хрысьціянская візія» ксяндза Вячаслава Барка з Расонаў, што на Віцебшчыне, на 1 сьнежня выклікаюць ва ўпраўленьне крымінальнага вышуку як асобу, у дачыненьні да якой ідзе адміністрацыйны працэс.
Раней сьвятара ўжо выклікалі ў Сьледчы камітэт як сьведку ў рамках крымінальнага працэсу, а папраўдзе прымусілі даваць пісьмовыя тлумачэньні пра ютуб-канал, які ён вядзе.
Аднадумцы Вячаслава Барка мяркуюць, што ўлады чыняць на яго ціск, зьвязаны зь ягонай хрысьціянскай і пастырскай пазыцыяй наконт беззаконьня ў краіне.
Раней каталіцкага біскупа Юрыя Касабуцкага і праваслаўнага сьвятара Сяргея Лепіна пракуратура папярэдзіла за іхную крытыку зьнішчэньня сілавікамі мэмарыялаў забітаму актывісту Раману Бандарэнку. Зь верасьня ўлады забараняюць уехаць у краіну кіраўніку Беларускага каталіцкага касьцёлу мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу.