Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваіх непаўналетніх пакаралі пазбаўленьнем волі з адтэрміноўкай — за тое, што кідалі камяні ў аўтазак


Суд Мазырскага раёну
Суд Мазырскага раёну

30 лістапада суд Мазырскага раёну вынес прысуд двум 17-гадовым жыхарам гораду. Іх абвінавачвалі ў «масавых беспарадках» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). 11 жніўня хлопцы, паводле абвінавачаньня, кідалі камяні ў аўтазак і пашкодзілі шыбу.

Абодвух — Юрыя Мельчанку і Сяргея Лягуна — пакаралі пазбаўленьнем волі тэрмінам на адзін год з адтэрміноўкай на год.

Артыкул 342 — пра «актыўны ўдзел ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, спалучаных зь непадпарадкаваньнем міліцыі».

На судзе непаўналетнія тлумачылі, што прыйшлі на мітынг 11 жніўня зь цікавасьці. Калі «многія кідалі камяні» ў бок міліцэйскага аўтамабілю, яны таксама кінулі. Адзін з камянёў трапіў у МАЗ, які належыць унутраным войскам (частцы 5525). Было пабітае лабавое шкло.

Падчас пратэстаў на бульвары Юнацтва да людзей пад’ехаў аўтазак. Нехта з натоўпу крыкнуў, што трэба кідаць камяні ў машыну. Паляцелі камяні. Потым з аўта выскачылі вайскоўцы і пабеглі за пратэстоўцамі. Многім удалося зьбегчы, але Юрыя Мельчанку схапілі.

На судзе ягоная законная прадстаўніца, апякунка і цётка Ганна Булаўка сьведчыла, што пляменьнік быў моцна пабіты пасьля затрыманьня.

«Ён быў увесь сіні, ажно чорны — і сьцёгны, і ногі, і сьпіна. Я некалькі дзён проста галасіла ад гэтага. Мая маці, бабуля Юры, калі сыходзіла з гэтага сьвету, казала мне: „Ганначка, ты толькі глядзі Юру“. А я вось не даглядзела», — казала на судзе апякунка, паводле «Палескай вясны».

Перад пачаткам судовага паседжаньня
Перад пачаткам судовага паседжаньня

Сам Юры Мельчанка таксама заявіў на судзе, што яго падчас затрыманьня міліцыянт паваліў на зямлю, яго білі дручкамі, кулакамі і нагамі, аказваючы такім чынам ціск, каб ён прызнаўся, што кінуў той камень, які пабіў шкло. Але заяву ані непаўналетні, ані ягоная апякунка не падавалі.

Сяргей Лягун ня скардзіўся на судзе на пабіцьцё.

Праваабаронца Ўладзімер Целяпун зазначыў, што калі 11 жніўня ў аўтазаку пабілі шкло, то пачалі шукаць вінаватых.

«Масавыя пратэсты ў Мазыры былі таму, што пасьля 10 жніўня людзі ўбачылі, што рабіла міліцыя з затрыманымі, як іх моцна білі. Ніхто б ня мог падумаць, што беларусы праявяць такі гвалт над іншымі беларусамі. Гэта быў крывавы жнівень ня толькі для Мазыра, але і для ўсёй краіны. Як выйсьці з гэтага становішча — я ня ведаю, маю на ўвазе — як аднавіць сацыяльна-грамадзкі статус органаў унутраных спраў, вярнуць давер людзей», — пракамэнтаваў праваабаронца.

Ён дадаў, што шмат жыхароў Мазыра зазналі зьдзекі і гвалт ад міліцыі, але адказныя органы не распачалі ніводнай крымінальнай справы.

«Праверкі спынілі, а на Юрася Чаранкова, якога моцна пабілі, яшчэ і распачалі крымінальную справу, і ён мусіў зьехаць зь Беларусі», — зазначыў Уладзімер Целяпун.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG