У Менску і іншых гарадах Беларусі міліцыя разганяе калёны і затрымлівае пратэстоўцаў, якія ў сваіх мікрараёнах выйшлі на маршы супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту.
На 8.00 30 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў прозьвішчы 416 затрыманых у Менску і іншых мясцовасьцях.
У сацыяльных сетках дзеляцца відэа стрэлаў і распыленьня газу супраць пратэстоўцаў у Менску і па-за Менскам, у прыватнасьці ў Бараўлянах.
- 14 затрыманых зь міліцыі трапілі ў шпіталі.
- 63 чалавек пасьля затрыманьня адпусьцілі (з пратаколамі ці без — інфармацыі няма).
- 7 затрыманых былі непаўналетнія, паведаміў БелаПАН.
ГУУС Менгарвыканкаму назвало сваю лічбу затрыманых — «каля 250 грамадзян». Праваабаронцы ж у Менску налічылі 354 затрыманых.
МУС 30 лістапада паведаміла, што за краты да суду пасадзілі 313 чалавек.
Сярод затрыманых
- нэўроляг Руслан Бадамшын, якога схапілі ва Ўруччы каля 13:30,
- стаматоляг Аляксей Іваноў, які пры затрыманьні страціў прытомнасьць,
- рэтнгеноляг, загадчык аддзяленьня РНПЦ дзіцячай хірургіі Ігар Жынь. Яго з пастарунку забрала «хуткая дапамога»,
- траўматоляг Леанід Глазкін, яго затрымалі паўторна,
- траўматоляг-артапэд зь Берасьця Юры Чубрык.
Пра затрыманых мэдыкаў паведаміў тэлеграм-канал «Белые халаты. News».
Затрымалі таксама
- сябру асноўнага складу Каардынацыйнай рады эканаміста Дзьмітрыя Крука,
- юрыстку Вольгу Смалянку, экспэртку ў сфэры свабоды асацыяцыяў, дырэктарку Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend.
У Берасьці затрымалі журналістаў Станіслава Коршунава і Максіма Хлябца з «Брестской газеты», а таксама пэнсіянэрку Алену Гнаўк, якую ўжо чатыры разы судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Максім Хлябец пра сваё затрыманьне напісаў у твітэры. Усіх іх адпусьцілі з пастарунку, склаўшы пратаколы.
У Менску выйшла больш за 20 калёнаў дэманстрантаў. Людзі выйшлі таксама ў іншых гарадах краіны.