Восьмыя суткі журналістка Кацярына Барысевіч знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары. Амаль тыдзень была яна ў СІЗА КДБ, цяпер яна ў сьпісах СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведамляе Tut.by.
Кацярына паведамляе ў лістах, што стараецца трымацца. Яна атрымала ад родных першую перадачу з адзеньнем і прадуктамі. Вядома, што многія ёй пішуць, але пакуль лісты ёй амаль не даходзяць.
Вечарам 19 лістапада Кацярыну Барысевіч затрымалі супрацоўнікі ў цывільным і ў масках, якія пасьля ператрусу ў кватэры павезьлі яе ў невядомым кірунку. Крыху пазьней Кацярына паведаміла, што яна ў СІЗА КДБ, 20 лістапада адбыўся першы допыт.
Генпракуратура завяла крымінальную справу па факце выдаваньня лячэбнай тайны, якое пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Гаворка ідзе пра стан загінулага Рамана Бандарэнка, Кацярына была аўтаркай артыкулу, дзе паказвалася, што ў яго крыві не было алькаголю.
Другі фігурант – лекар-анэстэзіёляг Арцём Сарокін. З адвакатаў журналіста ўзялі падпіску пра невыдаваньне. Справа па факце забойства Рамана Бандарэнкі не заведзеная.
Амаль тыдзень Кацярына знаходзілася ў сьледчым ізалятары КДБ, аднак нядаўна яна зьявілася ў сьпісах СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Днямі родныя і калегі журналіста атрымалі першыя лісты ад яе, самой Кацярыне перадалі пакуль толькі адзін ліст. З чым гэта зьвязана, пакуль невядома, дзясяткі людзей ужо адправілі ёй лісты. Па законе, лісты і тэлеграмы перадаюцца супрацоўнікамі сьледчага ізалятара не пазьней чым у трохдзённы тэрмiн з дня паступленьня, за выключэньнем сьвяточных і выхадных дзён.
29 лістапада мінае 10 дзён з моманту затрыманьня Кацярыны. Да гэтага тэрміну ёй павінны прад'яўвіць абвінавачаньне (у прысутнасьці абаронцы) і прыняць рашэньне аб меры стрыманьня.
У сьледчым ізалятары ў Жодзіне знаходзяцца пад сьледзтвам журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова, супраць якіх завялі крымінальную справу аб удзеле ў масавых беспарадках. Яны вялі жывы эфір з разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен».