Як у Маскве ацэньваюць хаду канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі? Падыходы да вырашэньня палітычнага крызісу беларускай апазыцыі і Расеі — наколькі яны сумяшчальныя? Як двухбаковыя адносіны бачацца Крамлю і беларускай апазыцыі? Ці выступае апазыцыя за захаваньне цяперашніх саюзаў Беларусі з Расеяй?
Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць чалец Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня, былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне Ўладзімер Астапенка і намесьнік рэдактара сайту Carnegie.ru Максім Самарукаў.
Астапенка
- Патрабаваньне сыходу Лукашэнкі — гэта не патрабаваньне Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня, Латушкі ці Астапенкі, гэта патрабаваньне беларускага народу.
- Крызіс у Беларусі быў спароджаны грубай фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў.
- 20 студзеня заступае на пасаду новы прэзыдэнт ЗША. Кангрэс ЗША распрацоўвае новую вэрсію «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае санкцыі ня толькі адносна беларускіх, але і адносна расейскіх грамадзянаў.
- Мы заклікалі дапамагчы нам, беларусам, у вырашэньні крызісу ня толькі Расею, але і нашых эўрапейскіх партнэраў.
- Пазыцыя Расеі наконт патрэбы Беларусі ў канстытуцыйнай рэформе таксама базуецца на тэзе, што Беларусі патрэбны новы прэзыдэнт.
- Мы лічым, што новыя выбары могуць быць праведзеныя хутка, Расея — што пасьля зьмены Канстытуцыі.
- Пра рэформу Канстытуцыі Беларусі варта было гаварыць нават у 1996 годзе, калі ў нашу Канстытуцыю былі ўнесеныя зьмены. Мы сёньня расхлёбваем наступствы тых зьменаў.
- Нашы патрабаваньні, патрабаваньні народу: новыя выбары, пакараньне вінаватых у жорсткасьцях, вызваленьне палітвязьняў. Калі гэта можа адбыцца ў межах хуткай канстытуцыйнай рэформы — з гэтым можна жыць.
- Нашы сябры ў Расеі азнаёмілі нас са стэнаграмай перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. Паводле таго, пра што там ішла размова, рэформа і новыя выбары павінны адбыцца ўжо ў 2021 годзе.
- Бліжэйшая задача Нацыянальнага актыкрызіснага кіраваньня — забясьпечыць пераход улады.
- Мы зыходзім з захаваньня ўсіх, абсалютна ўсіх, міжнародных дамоўленасьцяў Беларусі, у тым ліку і з Расеяй.
- Я б ня быў настолькі пэсымістычным, каб казаць, што дарожныя мапы інтэграцыі нам давядзецца адкласьці ў доўгую скрыню. Магчыма, заўтра мы знойдзем, што нейкія з гэтых мапаў — у інтарэсах нашай прамысловасьці, сельскай гаспадаркі ці мытных альбо іншых службаў.
- Роля Беларусі — быць мостам паміж Усходам і Захадам.
- У невялікім падзеньні падтрымкі саюзу з Расеяй я бачу веру беларускага народу ў расейскі народ, і што расейскі народ як братэрскі народ ня дасьць нам прапасьці ў бядзе.
- Гэта матывацыя для расейскага кіраўніцтва ўсё ж такі перагледзець сваю пазыцыю па Беларусі.
- Але гэтае падзеньне можа стаць тэндэнцыяй.
Самарукаў
- Крэмль ня мае на ўвазе, што ўнутрыбеларускі дыялёг павінен адбывацца абавязкова з Бабарыкам. Але тое, што тэмпы канстытуцыйнай рэформы Маскву не задавальняюць, бачна па словах Лаўрова.
- Ён прамым тэкстам кажа Лукашэнку: калі вы думаеце, што мы забылі пра тое, пра што гаварылі ў Сочы, то мы не забылі. І мы чакаем, калі вы гэта пачняце выконваць.
- Для расейскіх ацэнак мае значэньне міжнародны кантэкст, беларускі крызіс не заціхае, беларускі рэжым ужывае жорсткія меры супраць пратэстоўцаў.
- Але засталося паўтара месяца да таго, як прэзыдэнтам ЗША стане Байдэн. А дзяржсакратаром — Блінкэн. Абодва ўжо крытыкавалі Маскву за тое, што яна падтрымлівае Лукашэнку.
- Таму пакідаць напружаную сытуацыю ў Беларусі, якая можа правакаваць праблемы ў стасунках Расеі і ЗША, Маскве ня вельмі цікава.
- Гэты візыт мусіў падштурхнуць Лукашэнку да думкі, што трэба пераходзіць ад фазы рэпрэсіяў да фазы рэформаў.
- У Крамлі цяпер ніхто не плянуе з Лукашэнкам нічога падпісваць.
- Нават калі ўгаварыць Лукашэнку падпісаць нешта цяпер або праз пару месяцаў, гэта будзе мець вельмі сумнеўную легітымнасьць.
- Ніхто не патрабуе ад Лукашэнкі зараз падпісваць ніякія інтэграцыйныя мапы.
- Ад яго патрабуюць канстытуцыйную рэформу. А там паглядзім, ці трэба будзе Расеі падпісваць нейкія інтэграцыйныя мапы, магчыма, пасьля рэформы Расея атрымае больш надзейныя інструмэнты ўплыву на Беларусь.
- Падзеньне рэйтынгу нават самога Пуціна ў Расеі наўрад ці паўплывала б на яго рашэньні. І не ўплывала раней.
- А тым больш нават не падзеньне, а перапады падтрымкі саюзу з Расеяй у Беларусі не паўплываюць на яго рашэньні.
- З улікам падзеяў апошніх месяцаў памяншэньне падтрымкі саюзу з Расеяй на 11 адсоткавых пунктаў — гэта вельмі няшмат. І па-ранейшаму расейская опцыя пераважае эўрапейскую.
- У нашай частцы сьвету стаўленьне да Расеі — гэта частка нацыянальнай ідэнтычнасьці.
- У Польшчы ці краінах Балтыі стаўленьне да РФ сфармавалася, яго зьмяніць складана, што б Расея ні рабіла.
- У Беларусі стаўленьне да Расеі — гэта таксама частка ідэнтычнасьці. Нават такімі непрыемнымі для беларускага грамадзтва крокамі, як падтрымка Лукашэнкі, разбурыць стрымана-пазытыўнае стаўленьне да Расеі вельмі складана.