Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі ў справе аб забойстве настаўніка абвінавацілі яшчэ чатырох школьнікаў


Партрэт забітага настаўніка Самюэля Паці на прыступках перад будынкам Нацыянальнай асамблеі ў Парыжы, 20 кастрычніка 2020
Партрэт забітага настаўніка Самюэля Паці на прыступках перад будынкам Нацыянальнай асамблеі ў Парыжы, 20 кастрычніка 2020

Суд у Францыі выставіў абвінавачаньне яшчэ чатыром падлеткам у справе аб забойстве ў прадмесьці Парыжу ў сярэдзіне верасьня настаўніка Самюэля Паці. Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на крыніцы.

Забойца настаўніка, этнічны чачэнец з Масквы Абдулах Анзораў, быў застрэлены пры затрыманьні.

Суразмоўцы агенцтва расказалі, што траіх школьнікаў ва ўзросьце ад 13 да 14 гадоў абвінавачваюць у саўдзеле ў тэрарыстычным забойстве. Паводле дадзеных сьледчых, яны паказалі Анзораву настаўніка, калі той выходзіў са школы.

Чацьвёртая абвінавачаная — дачка чалавека, які распаўсюдзіў ролік з крытыкай на адрас настаўніка, які пры абмеркаваньні на ўроку свабоды слова паказаў школьнікам карыкатуры на прарока Мухамада. Школьніца расказала бацьку сваю вэрсію падзеяў у клясе, хоць сама не прысутнічала на ўроку.

За тыдзень да забойства бацька школьніцы паведаміў паліцыі аб дыскрымінацыі ў школе, бо Паці нібыта перад паказам карыкатураў папрасіў выйсьці з клясы мусульман. Паводле іншых відавочцаў, настаўнік патлумачыў дзецям, што яны могуць свабодна пакінуць клясу, калі ня хочуць глядзець на малюнкі з выявай прарока.

Пасьля выстаўленьня абвінавачаньняў падлеткаў адпусьцілі на волю пад судовы нагляд. Такім чынам, цяпер у справе аб забойстве настаўніка праходзяць 14 чалавек.

  • Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон назваў напад «ісламісцкім тэрактам» і заклікаў да абароны сьвецкіх каштоўнасьцяў Францускай Рэспублікі ад радыкальнага ісламу. Заявы Макрона выклікалі абурэньне і пратэсты сярод часткі мусульманаў.
  • Праз два тыдні пасьля забойства Паці выхадзец з Тунісу забіў нажом трох чалавек у Ніцы. У той самы дзень зламысьнік пагражаў паліцыянтам і мінакам нажом у Авіньёне.
  • Паводле дадзеных МУС Францыі, у поле зроку ўладаў застаюцца больш за чатыры тысячы замежнікаў, якія падазраюцца ў распаўсюдзе радыкальных ідэй. Больш за 200 зь іх падлягаюць высылцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG