Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў у чацьвер на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што расейскі бок прыхільнік дамоўленасьцяў, дасягнутых у ходзе саміту 14 верасьня ў Сочы, паведамляе расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.
«У нас цалкам супадае зацікаўленасьць ва ўмацаваньні адносін. Можна гэта па-рознаму называць, але ў нас тая ж самая мэта — прасоўвацца да ўзаемнай выгады нашых народаў, нашых краін і нашай Саюзнай дзяржавы», — дадаў міністар.
Лаўроў таксама заявіў, што Масква гатовая падтрымаць Лукашэнку ў рэалізацыі вылучаных ім ініцыятыў, якія датычацца беларускага грамадзтва.
«Вы выступілі з цэлым шэрагам ініцыятыў, якія, я лічу, вельмі важныя для беларускага грамадзтва, — сказаў расейскі міністар. — Як прэзыдэнт Пуцін ня раз падкрэсьліваў, мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя ініцыятывы адбыліся. Калі нешта можам зрабіць у іх падтрымку, мы заўсёды адкрытыя для гэтага».
Як піша ТАСС, Лукашэнка раней неаднаразова заяўляў, што цяперашняя грамадзкая сыстэма ў краіне носіць збольшага аўтарытарны характар і ёсьць неабходнасьць выбудаваць сыстэму, якая не была б завязаная на асобе прэзыдэнта. У сувязі з гэтым Лукашэнка пацьвярджаў гатоўнасьць аддаць частку прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, але толькі ў рамках канстытуцыйнай рэформы. Новыя выбары, паводле яго, магчымыя толькі пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі Беларусі.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая да інтэнсыфікацыі адносін з Расіяй
«Што тычыцца беларуска-расейскіх адносін, то, напэўна, нам трэба, можа быць, не пра нейкую перазагрузку казаць, але пра ўзмацненьне, інтэнсыфікацыю нашых адносін... Я хачу, каб вы разумелі і ведалі, што мы да гэтага гатовыя», — цытуе Лукашэнку ТАСС.
Ён зазначыў, што нічога новага не сказаў і заўсёды пра гэта гаварыў, проста не заўсёды, слухаючы яго, «гэта хацелі падкрэсьліваць і паўтараць, асабліва ў Расеі». «Відаць, камусьці гэта было нявыгадна. Але час паказаў, што нам нікуды не падзецца ад вельмі цесных і сяброўскіх адносін. Упэўнены, што гэтага сёньня кіраўніцтва Расеі якраз хоча і аддае перавагу такім стасункам», — дадаў ён.