Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Гомля зрабіў заўвагу міліцыянтам — забеглі ў кватэру і моцна яго зьбілі. Цяпер яго судзяць


АМАП разганяе акцыю пратэсту ў Гомлі 12 жніўня
АМАП разганяе акцыю пратэсту ў Гомлі 12 жніўня

Жыхара Гомля Сяргея Верашчагіна судзяць за гвалт над міліцыянтам.

Што здарылася. Сьцісла

  • Па вэрсіі сьледзтва, малады чалавек кідаў бутэлькі ў бок міліцыі са свайго акна, пры затрыманьні стукнуў міліцыянта нагой у вока.
  • Па вэрсіі абвінавачанага, ён зрабіў заўвагу міліцыянтам, якія на вуліцы жорстка «круцілі» дзяўчат. За гэта супрацоўнікі органаў унутраных спраў забеглі да яго ў кватэру і моцна зьбілі.

12 жніўня ў Гомлі праходзіла акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. Удзельнікаў акцыі затрымлівалі проста пад вокнамі Сяргея Верашчагіна — ён жыве ў цэнтры гораду.

Малады чалавек убачыў, як міліцыя жорстка абыходзіцца зь людзьмі, у тым ліку зь дзяўчатамі, і пачаў крычаць на іх з вакна. Міліцыянты ўварваліся да яго ў кватэру, затрымалі і зьбілі яго — так кажа абвінавачаны.

«Білі, скакалі па галаве, абражалі і сьмяяліся»

14 жніўня, калі Сяргей быў пад вартай, яго наведала адвакатка. Зь яе дапамогай малады чалавек трапіў нарэшце ў шпіталь. Мэдыкі зафіксавалі, што ў Сяргея — чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, шматлікія траўмы і гематомы — грудзіны, шыйнага і паясьнічнага аддзелу хрыбта.

Абвінавачаны тлумачыць траўмы тым, што яго білі і пры затрыманьні, і ў аддзеле. «У цэлым ён атрымаў каля сотні ўдараў», — удакладняла на судзе адвакат.

Абвінавачаны заўважаў, што ў аддзеле яго білі дручкамі тры-чатыры супрацоўнікі па чарзе, скакалі па галаве, абражалі, сьмяяліся, калі ён плакаў і прасіў ня біць яго.

Крымінальную справу распачалі супраць Сяргея.

Акцыя пратэсту ў Гомлі 12 жніўня
Акцыя пратэсту ў Гомлі 12 жніўня

Па вэрсіі міліцыі, ён кідаў бутэлькі з вакна, нецэнзурна лаяўся, пры затрыманьні паводзіў сябе агрэсіўна. Калі міліцыянты выводзілі яго з кватэры, у пад’езьдзе біўся галавой аб сьцены і прыступкі, а потым нагой ударыў міліцыянта ў вока.

Наконт затрыманьняў у цэнтры гораду міліцыянты ў судзе тлумачылі, што проста размаўлялі з жанчынамі, а абвінавачаны стаў крычаць на іх і абражаць іх. Яны сьведчаць у судзе, што ніхто Сяргея ня біў.

У Цэнтральным РАУС ёсьць сыстэма відэаназіраньня. Але якраз 12 жніўня яна дала збой, бо «адбылося аварыйнае адключэньне электраэнэргіі». Пра гэта ёсьць дакумэнт у справе.

25 лістапада прайшло чарговае паседжаньне суду. Сяргей дагэтуль адчувае сябе блага. Калі спрабуе гаварыць пра зьбіцьцё, судзьдзя яго спыняе — маўляў, гэта ня мае дачыненьня да гэтай справы. Па заяве аб зьбіцьці Сьледчы камітэт праводзіць праверку. Вынікаў дагэтуль няма.

«Справа распачатая па надуманых падставах, каб апраўдаць дзеяньні міліцыі»

На судзе маці Сяргея Верашчагіна (яна выступала сьведкай. — РС) выказалася, што яе сын ня мог, лежачы на падлозе на маленькай цеснай лесьвічнай пляцоўцы, у кайданках, некага яшчэ стукнуць нагой.

«Яго паклалі тварам у падлогу, так вынесьлі і пацягнулі... Цяпер у сына парушэньне маўленьня, я ведаю, як ён размаўляў да затрыманьня, сыходзіць час, ён губляе зрок...» — са сьлязьмі кажа маці.

Адвакатка дадае, што калі яна бачыла Сяргея пасьля затрыманьня, «ён ня мог ні гаварыць, ні пісаць, ні чытаць — у такім ён быў стане».

Абаронца выказалася, што крымінальная справа распачатая на надуманых падставах, «каб апраўдаць незаконныя дзеяньні міліцыянтаў пры затрыманьні».

Яна лічыць, што вылучэньне ў асобную вытворчасьць эпізоду са зьбіцьцём яе падабароннага міліцыяй не адпавядае заканадаўству, таму што гэтыя факты зьвязаныя паміж сабой.

Цяпер у судзе вывучаюцца матэрыялы справы, пасьля адбудуцца судовыя спрэчкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG