Парлямэнт Літвы зацьвердзіў кандыдатуру Інгрыды Шыманіце на пасаду прэм'ер-міністара краіны. Як паведамляе delfi.lt, за яе прагаласавалі 62 дэпутаты, супраць — 10, а 41 устрымаўся.
- Інгрыда Шыманіце — эканамістка, бакаляўр у галіне бізнэс-адміністраваньня, экс-міністар фінансаў, працавала намесьніцай старшыні праўленьня Банку Літвы, дэпутатка парлямэнту. У 2019 годзе вылучалася кандыдатам у прэзыдэнты ад САЛХД і заняла другое месца, прайграўшы беспартыйнаму эканамісту Гітанасу Наўседу.
У панядзелак правацэнтрысцкія партыі Літвы: Саюз Айчыны – Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты (кансэрватары), Лібэральны рух і Партыя свабоды падпісалі пагадненьне аб фармаваньні новай кіроўнай кааліцыі.
«Мы гатовыя згуртавацца дзеля аднаўленьня сувязяў даверу ў дзяржаве і паміж людзьмі, і заключаем пагадненьне аб кааліцыі супрацоўніцтве і фармаваньні ўраду», — гаворылася ў дакумэнце.
Партнэры па кааліцыі абавязаліся падтрымліваць кааліцыйны ўрад на чале з Інгрыдай Шыманіце.
У дамове таксама названыя асобныя пытаньні, асабліва актуальныя для партнэраў, у якіх няма агульнай згоды. Сярод іх — заканадаўчыя зьмены, якія дазваляюць забясьпечыць дэкамунізацыю публічных прастор, узаконеньне напісаньня асабістых імёнаў на асноўнай старонцы дакумэнтаў усімі літарамі лацінскага альфабэту, дэкрыміналізацыю валоданьня невялікай колькасьцю наркатычных рэчываў, зьмены ў законы, якія «дазволяць узаконіць партнэрскія стасункі, нэўтральныя ў пытаньні полу» і іншыя.