Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы ня даў адвакату дазволу наведаць у СІЗА КДБ зьняволеную журналістку Tut.by


Кацярына Барысевіч.
Кацярына Барысевіч.

23 лістапада адвакат Андрэй Мачалаў плянаваў наведаць у СІЗА КДБ журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, якая знаходзіцца там ужо чацьвёрты дзень. Аднак следчы ня даў адпаведнага дазволу на наведваньне Кацярыны, паведамляе Tut.by.

Права на абарону гарантавана Канстытуцыяй Беларусі, супрацьдзеяньне наданьню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Увечары 22 лістапада скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрыманьня Кацярыны Барысевіч, яна ня выйшла на свабоду і застаецца ў СІЗА да прад'яўленьня абвінавачаньня – да 29 лістапада, пасьля чаго павінна быць выбрана мера стрыманьня.

23 лістапада адвакат Андрэй Мачалаў плянаваў наведаць Кацярыну ў СІЗА КДБ, зьвярнуўся з адпаведнай заявай у Генэральную пракуратуру, аднак на працягу працоўнага дня так і не атрымаў дазволу сьледчага.

Згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі, кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіраваньня, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадзкіх аб'яднаньнях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.

У чым падазраюць журналістку

Кацярына праходзіць падазраванай па ч. 3 арт. 178 КК – «Выдаваньне мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў». Крымінальную справу завяла Генэральная пракуратура.

Вечарам 19 лістапада Кацярыну затрымалі супрацоўнікі ў цывільным і ў масках, якія пасьля ператрусу ў кватэры павезьлі яе ў СІЗА КДБ. 20 лістапада адбыўся яе першы допыт.

Як вядома з паведамленняў Генпракуратуры, заведзена крымінальная справа па факце выдаваньня лячэбнай тайны пра стан забітага Рамана Бандарэнкі.

Кацярына была аўтаркай артыкулу, дзе адзначалася, што ў яго крыві не было алькаголю, хоць Лукашэнка заявіў, што забіты нібыта быў пʼяны. Ён загадаў праверку па факце сьмерці перадаць у Генпркуратуру. Крымінальную справу з гэтай нагоды не завялі, падазраваныя ў выкраданьні і забойстве Банадрэнкі ня знойдзеныя.

Затое Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу на доктара лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаваньне мэдычнай тайны, якое ппрывяло да цяжкіх наступстваў).

«Дзейнічаючы наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдыцынскага агляду Рамана Бандарэнкі. Тым самым ён выдаў мэдычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, – заявілі ў Генпракуратуры. – Дзеі названых асоб пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органам, падахвочваньне грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў».

За гэта пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Сваякі Бандарэнкі прэтэнзій ня маюць ні да лекара, ні да журналісткі

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч. Кацярына больш за 10 гадоў працуе журналісткай, адзначана прафэсійнымі ўзнагародамі, спэцыялізуецца на асьвятленьні прававых тэм.

Зьвяртаючыся Генэральнай пракуратуры, БАЖ заклікае засяродзіцца на пошуку вінаватых у сьмерці Рамана Бандарэнкі, а не перасьледваць журналістку, якая падрыхтавала матэрыял, і лекара, які даў камэнтар на важную для грамадзтва тэму, не парушыўшы правоў сваякоў загінулага.

Сваякі Рамана прэтэнзій СМІ і мэдпэрсаналу не выказвалі, маці дала згоду на пашырэньне інфармацыі аб стане сына.

Кацярына Барысевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Ёй можна дасылаць лісты на адрас: 220050, г. Мінск, а/с 8 – Барысевіч Кацярына Анатолеўна.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG