Заснавальнік тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпан Пуціла і былы намесьнік рэдактара каналу Раман Пратасевіч трапілі ў «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». На сёньня яны ў ім апошнія — пад нумарамі 725 і 726.
16 лістапада беларускія ўлады запатрабавалі ў Польшчы выдаць ім Пуцілу і Пратасевіча «ў самыя кароткія тэрміны з улікам асаблівай грамадзкай небясьпекі іх злачыннай дзейнасьці».
Афіцыйны Менск назваў гэтыя каналы экстрэмісцкімі, а дзейнасьць іх стваральнікаў — злачыннай.
Сьледчы камітэт Беларусі 5 лістапада завёў крымінальную справу на Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча «ў сувязі з наўмыснымі дзеяньнямі, накіраванымі на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці, якая тычыцца дзьвюх прафэсійна-соцыюмных груп — прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў» (частка 3 артыкула 130 КК).
Яны знаходзяцца ў міждзяржаўным вышуку. Па гэтай частцы артыкула ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Раней на Пуцілу завялі крымінальную справу паводле падазрэньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкула 293 КК). Пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
17 лістапада стала вядома, што Сьледчы камітэт па горадзе Менску, на дадатак да гэтых артыкулаў, інкрымінуе Пуцілу і Пратасевічу часткі 1 і 3 артыкула 293 КК «Масавыя беспарадкі». Частка 1 (Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або збройным супрацівам прадстаўнікам улады) караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў. Частка 3 (Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца ўчыненьнем дзеяньняў, прадугледжаных часткай 1 гэтага артыкула, а таксама фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці) караецца арыштам або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў.
- Пуціла заснаваў каналы Nexta і Nexta Live два гады таму. Ва ўмовах абмежаваньня інтэрнэту ў краіне пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў СМІ Беларусі перайшлі на асьвятленьне падзей у Тэлеграме. Канал Nexta — адзін з самых папулярных у краіне, ён актыўна асьвятляе падзеі пасьля выбараў. Цяпер у яго звыш 900 тысяч падпісчыкаў, у Nexta Live — больш за 1,7 мільёна.
- У кастрычніку Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў тэлеграм-канал Nexta Live і лягатып Nexta экстрэмісцкімі матэрыяламі.