Сямʼя Рамана Бандарэнкі, які памёр на мінулым тыдні пасьля жорсткага зьбіцьця людзьмі ў цывільным, як мяркуецца, беларускімі сілавікамі, некалькі дзён таму паведаміла, што ім не аддаюць цела загінулага. У адказ на гэта прадстаўнікі Генпракуратуры Беларусі 18 лістапада заявілі, што цела нібыта не забіралі самі сваякі, і апублікавалі запіс размовы з маці Рамана на гэтую тэму. Родныя Рамана кажуць, што размова была «прыватнай», і лічаць, што сілавікі ня мелі права яе публікаваць.
Пра тое, што сілавікі не аддаюць для пахаваньня цела, 16 лістапада расказала Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі. Паводле яе, маці нябожчыка ў той дзень двойчы прыяжджала ў Генэральную пракуратуру — у 9 і 11 гадзін раніцы. Па словах Вольгі, там яе так і не прынялі, прапанаваўшы чакаць адказу і зьвяртацца пазьней.
Бандарэнку зьбілі і вывезьлі невядомыя ў цывільным увечары 11 лістапада, а 12 лістапада стала вядома, што ён памёр у рэанімацыі. Цела на той момант сямʼя не магла атрымаць ужо некалькі дзён.
«Яшчэ ў пятніцу былі ў Сьледчым камітэце, там адказалі, што справа ўжо ў Генпракуратуры, зьвяртацца трэба туды. Мы так і зрабілі, адказу не атрымалі. Нам казалі, што менавіта сьледчы павінен даць дазвол на выдачу цела, — расказала Вольга ў панядзелак. — Мы ня ведаем нічога: зрабілі экспэртызу ці не, цела Рамана нам пакуль не аддалі, з намі ніхто ня зьвязваўся. Трэба ж плянаваць пахаваньне... Пайшоў чацьвёрты дзень».
Пасьля таго як Вольга зьвязалася са СМІ, Генпракуратура праз два дні апублікавала сваю вэрсію таго, што адбылося, і заявіла, што цела нібыта не забіралі самі сваякі. У сваёй заяве ведамства ўжывае словы «неаднаразова прапаноўвалі забраць цела сына для пахаваньня» і «сваякі памерлага ўхіляюцца ад таго, каб забраць цела».
Таксама Генпракуратура Беларусі выклала ў інтэрнэт аўдыёзапіс размовы з маці загінулага. На ім супрацоўнік Дзяржкамітэту судовых экспэртызаў цікавіцца, калі сваякі будуць забіраць цела, і падкрэсьлівае, што жанчына нібыта напярэдадні атрымала ўсе неабходныя дакумэнты.
«Я была ўвечары, мяне ўвечары выклікалі ў Генэральную пракуратуру. Я сказала, што мне трэба выспацца і прыйсьці ў сябе і я яшчэ нават не пачала займацца арганізацыяй», — кажа жанчына на запісе. У канцы размовы мужчына яшчэ раз кажа, што зь іх боку «ўсё гатова».
«Званок, які выклала Генэральная пракуратура, паступіў сёньня раніцай, 18 лістапада, хоць з паведамленьня ствараецца ўражаньне, што гэта было яшчэ ў панядзелак. Нам здаецца дзіўным і не зусім карэктным, што асабісты званок публікуе афіцыйнае ведамства», — пракамэнтавала дзеяньні беларускіх сілавікоў Вольга Кучарэнка.
Яна яшчэ раз пацьвердзіла, што сямʼя двойчы ў панядзелак зьвярталася ў пракуратуру з пытаньнем аб выдачы цела, але адказу не атрымала. «Толькі цяпер мы атрымалі канчатковы адказ, што цела можна забіраць», — сказала Вольга Свабодзе.
«За намі сачылі ня менш як 20 чалавек. Мы ня ведаем, для чаго гэта робіцца», — асобна падкрэсьлілі родныя Рамана Бандарэнкі.
Беларускія тэлеграм-каналы таксама паведамілі, што да галоўнага сысадміна БСМП (менскага шпіталя хуткай дапамогі), куды быў дастаўлены Бандарэнка, прыходзілі прадстаўнікі Сьледчага камітэту, якія выдалілі гісторыю хваробы Рамана з базы клінікі. У клініцы гэта афіцыйна пакуль не пацьвердзілі.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».