Галоўны дырыгент Кіеўскай опэры, заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна кожны свой дзень пачынае зь «беларускага пытаньня». Ён амаль 12 гадоў працаваў у Менску — галоўным дырыгентам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі.
Як дырыгент-пастаноўшчык упершыню ў Беларусі зрабіў канцэртныя вэрсіі опэры Вэрдзі «Макбэт» і опэры-араторыі «Цар Эдып» Стравінскага, а таксама другую рэдакцыю легендарнай опэры «Сівая легенда» беларускіх клясыкаў Дзьмітрыя Смольскага і Ўладзімера Караткевіча. Летась Віктар Пласкіна вярнуўся ў Кіеў. Як прызнаецца, так супалі абставіны — зьмянілася кіраўніцтва ў беларускім тэатры, а ён ужо вельмі хацеў вярнуцца дадому.
Маючы ў Беларусі калег і сяброў, сочыць за падзеямі і ацэньвае іх аптымістычна. Але вельмі абураны гвалтам сілавых структур. І, як толькі даведаўся аб звальненьні актораў і музыкаў з нацыянальнай опэры, адразу ж прапанаваў ім прыехаць на працу ў Кіеў.
У інтэрвію Свабодзе Віктар Пласкіна расказаў пра сваё стаўленьне да беларускіх пратэстаў, пра іхную прыроду і музыку, пра калег і палітыку.
Адчуваньні былі, але раптоўнасьць зьдзівіла
— Спадар Віктар, вы амаль 12 гадоў пражылі ў Беларусі. Ці бачылі вы нейкія прыкметы, што краіна набліжаецца да такога разьвіцьця падзеяў, калі тысячы людзей выйдуць на вуліцу супраць фальсыфікацыяў і гвалту?
— Я адчуваў, што нешта падобнае можа здарыцца, але ніколі ня думаў, што будзе настолькі імгненна. Для мяне гэта было велізарнае зьдзіўленьне, што беларусы выйшлі, выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю, бо, калі я працаваў там, бачыў, што беларусы вельмі памяркоўныя, можна было нават сказаць, што ў нейкім сэнсе і сонныя ў дачыненьні да палітыкі.
Зразумела, можам цяпер гаварыць пра фашысцкі рэжым, але варта быць аб’ектыўным — на жаль, усё ж беларусы самі стварылі Лукашэнку, яны яго выхавалі. Гэта адлюстраваньне душэўнай ляноты і нейкіх такіх працэсаў неактыўнасьці, бо грамадзтва было вельмі кволым вельмі працяглы час. Таму і зрабіць цяпер сур’ёзныя зьмены вельмі цяжка. Я гэта вельмі добра разумею, і я бачу, наколькі гэта доўгая і зацяжная барацьба.
«Справа гонару — прапанаваць дапамогу і падтрымку»
— Вы падтрымліваеце кантакт са сваімі калегамі, зь якімі працавалі ў Менску?
— Я размаўляю зь імі кожны дзень. Тэлефаную, бо калі пішаш — гэта іншае. Я іх падтрымліваю і натхняю на тое, што перамога будзе за беларускім народам, што беларусы рана ці позна дасягнуць таго, чаго заслугоўваюць. Яны надзвычай прыстойная, добрая, цярплівая і вельмі эўрапейская нацыя. І пра гэта варта гаварыць. Людзі заслужылі зусім іншых кіраўнікоў.
— Якой была б ваша рэакцыя на звальненьні актораў і музыкантаў, калі б вы дагэтуль працавалі галоўным дырыгентам у Менску?
— Мяркую, што мяне звольнілі б раней, бо я ўкраінец і ня змог бы проста сядзець склаўшы рукі, а стаў бы адным з арганізатараў усіх працэсаў. Таму, мяркую, што мяне там або пасадзілі б, або адправілі даўно ў Кіеў.
— І вы цяпер прапанавалі ўсім звольненым зь Вялікага тэатру Беларусі прыехаць у Кіеў на працу.
— Вядома! Я быў бы вельмі рады іх тут бачыць. І калі складзецца такая сытуацыя, што яны там ня змогуць працаваць, мы прымем іх тут з радасьцю і зробім усё для таго, каб яны працавалі. Іх няшмат, і мы заўсёды працягнем ім руку дапамогі. Гэта справа гонару. Але пакуль яны хочуць змагацца і дабіцца перамогі.
«Лукашэнка — актор паліттэхналягічных расейскіх схемаў»
— Але ж вы дагэтуль застаяцеся галоўным запрошаным дырыгентам Нацыянальнай опэры Беларусі...
— У гэтай сытуацыі паехаць і быць галоўным запрошаным дырыгентам — гэта практычна немагчыма, тым больш што мяне туды ўжо і не запрашаюць. Зьмянілася кіраўніцтва, і вельмі цяжка казаць пра нейкія пазытыўныя працэсы для мяне ў гэтым пляне, бо яны ж цудоўна разумеюць, хто я і чым дыхаю, якія ў мяне настроі і якая ў мяне пазыцыя.
Перад людзьмі, якія выйшлі ў тэатры і заявілі пра сваю пазыцыю, трэба зьняць капялюш. Яны заслугоўваць вялікай павагі — і чалавечай, і прафэсійнай. Трошкі мяне зьдзіўляе іншае — іх было мала, 5-6 чалавек лёгка звольніць, а 550 ня звольніш.
Праблема беларускага супраціву ў тым, што, хоць і шмат людзей выходзіць, але не настолькі шмат, як было ва Ўкраіне. Калі выходзіць паўмільёна ці мільён — гэта зусім іншая сытуацыя. Ніякі АМАП нічога ня можа зрабіць з гэтымі людзьмі, бо гэта вялікая маса людзей, якой, магчыма, пакуль няма ў Беларусі.
З другога боку, вось гэтыя апошнія заявы Лукашэнкі, што ён паедзе ў Маскву, у Расею і там знойдзе сабе працу, сьведчаць пра тое, што яго проста выкарыстоўваюць, ён актор паліттэхналягічных расейскіх схемаў. Я лічу, што Лукашэнка — гэта самая вялікая пляма Беларусі. Ён настолькі сапсаваў свой род... Так, ён заўтра можа паехаць жыць і працаваць у Маскву, але ж ягоны род застанецца ў Беларусі. І гэта страшэнная катастрофа і асабістая трагедыя. Ён пра гэта ня думае абсалютна. Я шмат размаўляў з прадстаўнікамі кіраўніцтва Беларусі, ведаю іх. Складалася ўражаньне, што ў гэтых людзей няма ні сэрца, ні душы... Гэта людзі-робаты. Мне шкада пра гэта гаварыць, але, на жаль, грамадзтва выхавала такіх людзей і дэлегавала іх ва ўладу.
Я ня веру, што нельга спыніць гэтую татальную агрэсію на беларускіх вуліцах. На гэта немагчыма глядзець, гэта нейкая дзікасьць! Такога ня можа быць у Эўропе. Нельга было так доўга чакаць. Няўжо на ранейшых выбарах не было фальсыфікацый? Ён ужо даўно ня мусіў быць прэзыдэнтам. Як можна было перапісаць Канстытуцыю? Ну гэта ж дазволілі і людзі пагадзіліся з гэтым? На гэта ж пагадзілася і эліта?!...
У гэтай сытуацыі я ўражаны маўчаньнем Эўропы. Зрабіла заявы, санкцыі. Але ж Лукашэнку санкцыі як мёртваму прыпаркі, ён іх не баіцца. Трэба з Пуціным размаўляць. Паглядзіце, як Турэччына зрабіла з Карабахам? Турэччына мае плян, яе падтрымлівае Амэрыка, іхная задача — дайсьці да Кітаю, і яны ціснуць на Расею. А што Эўропа робіць? Гэта ж вельмі добры шанц ціснуць на Расею празь Беларусь. Але яны занятыя нейкімі другаснымі рэчамі.
У Беларусі не хапала беларускага, а ва Ўкраіне — украінскага
— У Беларусі вы неаднойчы казалі, што вам не хапае беларускага. Што вы мелі на ўвазе?
— Беларусь была і пакуль застаецца ў палоне расейскай прапагандысцкай прасторы. Людзі мала размаўляюць па-беларуску, ставяцца да беларускай мовы як да мовы вёскі... Тое, што ў Беларусі мала беларускага — гэта ўсё было на паверхні. Але мне і ўкраінскага ва Ўкраіне ўжо мала.
— Вы зьбіраліся паставіць на сцэне беларускай опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха». Чаму не атрымалася?
— Проста не дайшлі рукі да гэтай пастаноўкі. Цяпер, ва ўмовах пандэміі, ня думаю, што гэта магчыма зрабіць, але варта падумаць пра гэта. Добрая ідэя — паставіць спэктакль на беларускай мове.
Музыку перамогі яшчэ напішуць
— А якія музычныя асацыяцыі ў вас выклікаюць цяперашнія падзеі ў Беларусі?
— Мне адразу на думку прыходзіць «Сівая легенда» (музыка Дзьмітрыя Смольскага, лібрэта Ўладзімера Караткевіча. — РС), асабліва яе другая дзея ў нашай пастаноўцы зь Міхаілам Панджавідзэ: там, дзе ёсьць павешаныя, дзе мы бачым дзікую агрэсію... Гэта цяпер у мяне ў вачох, калі мова аб пратэстах.
— А калі ў Беларусі сытуацыя пераломіцца, якая музыка мусіць прагучаць?
— Музычны вобраз перамогі? Цяжка сказаць. Мне здаецца, што ўсе беларускія, як, дарэчы, і ўкраінскія творы, «заточаныя» на плаксівасьць... І ўкраінцы плачуць, і беларусы плачуць. Увесь час плачам і змагаемся. Прыйдзе новы час — і напішуць новыя творы. Будзе годнае жыцьцё ў Беларусі — і зьявяцца аптымістычныя пераможныя творы. Ёсьць гумарыстычна-сатырычныя рэчы ад Цэсьлера, а музычнага пакуль я ня бачу. Але ўсё наперадзе. Заўсёды дзень зьмяняе ноч. Заўсёды. І я шчыра жадаю Беларусі, каб хутчэй прыйшоў дзень, бо людзі заслугоўваюць зьменаў, каб людзі зразумелі, што яны не рабы і іх нельга лупцаваць дручкамі і кідаць у турму. Гэта дзіка!