Валерыю Валадзько, беларускую сьпявачку, удзельніцу групы Harotnica Mix, нядаўна звольнілі са школы — пасьля даносу, як сама яна кажа, аб тым, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту. Некалькі яе калегаў былі затрыманыя на пратэстах і асуджаныя на адміністрацыйны арышт.
Як беларускія музыкі ўдзельнічаюць у пратэстах супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і што ім за гэта пагражае? Пра гэта Валерыя расказала «Настоящему времени».
— У гурце нас трое, цяпер мы называемся Harotnica Mix. І цяпер я сама такой стала (гаротніцай) — сьлёзы лью. Таму што спачатку, месяц таму, нашага кантрабасіста пасадзілі на 15 сутак. Як толькі ён выйшаў, праз пару дзён забралі Андруся Такінданга і ўсю яго групу — і яшчэ кучу музыкаў, гэта ўсё адбылося ў адзін дзень.
Пасьля чарговага выступу яны ехалі ў таксоўцы, іх таксоўку спынілі і ўсіх адтуль выцягнулі. Спадзяюся, ня білі. Зь іншым музыкам — джазавым саксафаністам — адбылося тое ж самае ў той жа дзень. Некаторых выклікалі яшчэ да гэтага на размовы.
Мяне звольнілі — я працавала ў школе на паўстаўкі. У адзін цудоўны дзень мне сказалі, што «у нас загад — усіх такіх, як ты, звольніць, таму што ты занадта шумная, пра цябе вельмі шмат чаго бачаць і ведаюць». Я адзін раз выступала ў двары не са сваім гуртом — зь дзяўчынкай сьпявала народныя песьні. Сьпяваць зь людзьмі ў дварах было вельмі прыкольна, вельмі кайфова. Мы раздрукавалі тэксты і сьпявалі ўсе разам, нам падпявалі.
А самым непрыемным момантам было тое, што мне сказалі, што на мяне быў данос. У школе ўсе ведалі, хто я і што я раблю. Я не хадзіла на пікеты за Лукашэнку, хоць былі загады гэта рабіць. Я не выступала на канцэрце на выбарах — у нас таксама такая абавязалаўка: «У вас адпачынак, але нам усё роўна. Вы прыходзьце, самі сьпявайце, гуляйце альбо дзяцей выклікайце — як хочаце». Я не прыйшла.
На пытаньне, як яна будзе жыць далей і ці зьбіраецца зьяжджаць зь Беларусі, як гэта робяць многія яе калегі, Валадзько адказала:
«За гэтыя 100 дзён, якія прайшлі, столькі ўсяго здарылася. Я думаю, што ўсё не дарма і мне не давядзецца зьяжджаць. Я не хачу. З усіх сваіх сяброў я засталася тут адна — усе разьехаліся. Калі я засталася — значыць, ня проста так, значыць, мне трэба тут нешта зрабіць».