Выканаўца абавязкаў міністра абароны ЗША Крыс Мілер заявіў аб істотным скарачэньні амэрыканскіх вайсковых кантынгентаў у Іраку і ў Аўганістане. Да 15 студзеня з гэтых краін павінны выехаць каля 2,5 тысячы вайскоўцаў. 2 тысячы будуць выведзеныя з Аўганістану і 500 — з Іраку.
Пасьля гэтага колькасьць амэрыканскіх сіл у абедзьвюх краінах ня будзе перавышаць 2,5 тысячы, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Мілер быў прызначаны выканаўцам абавязкаў кіраўніка Пэнтагону пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп звольніў міністра Марка Эспэра неўзабаве па выбарах прэзыдэнта 3 лістапада, на якіх, паводле папярэдніх дадзеных, Трамп прайграў дэмакрату Джо Байдэну.
Вывад войскаў павінен завяршыцца да інаўгурацыі новага прэзыдэнта, якая пройдзе 20 студзеня.
Трамп неаднаразова выступаў за скарачэньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці на Блізкім Усходзе і ў Аўганістане. Ён, у прыватнасьці, распарадзіўся раней вывесьці вялікую частку амэрыканскіх вайскоўцаў з поўначы Сырыі. Ішла гаворка і аб поўным вывадзе войскаў з гэтай краіны, аднак некалькі соцень амэрыканскіх вайскоўцаў там усё ж засталіся.
У Аўганістан амэрыканскія вайскоўцы былі ўведзеныя ў 2001 годзе, падчас апэрацый супраць тэрарыстаў з «Аль-Каіды» і талібаў, якія «Аль-Каіду» падтрымлівалі. Цяпер ЗША вядуць з талібамі перамовы, вынікам якіх мог бы стаць поўны вывад амэрыканскіх войскаў пры ўмове мірнага ўрэгуляваньня ў Аўганістане.
Пляны істотна скараціць амэрыканскі кантынгент да заключэньня пагадненьня, аднак, выклікалі крытыку як дэмакратаў, так і часткі саюзьнікаў Трампа — рэспубліканцаў.
«Няма ніводнага амэрыканца, які не жадае, каб вайна ў Аўганістане супраць тэрарыстаў і іх памагатых была канчаткова выйграная. Але... хуткі вывад амэрыканскіх войскаў з Аўганістану зараз нанясе шкоду нашым саюзьнікам і пацешыць людзей, якія жадаюць нам зла», — сказаў лідэр сэнацкай большасьці Мітч МакКонэл.
Пры гэтым да поўнага вываду войскаў ЗША з Аўганістану заклікалі шэраг чыноўнікаў, у тым ліку старэйшы дарадца Мілера, палкоўнік у адстаўцы Дуглас МакГрэгар, а таксама Энтані Тата, які з аўторка выконвае абавязкі намесьніка міністра абароны ў палітычных пытаньнях.