Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказалі, што я злачынца і не магу выхоўваць сына». Сям’я саліста хору «Унія» змагаецца за прыёмнага сына


Сям'я Марыны і Аляксандра Шыкаў
Сям'я Марыны і Аляксандра Шыкаў

Органы апекі Партызанскага раёну Менску паведамілі пра гэта жонцы вакаліста Аляксандра Шыка Марыне.

Аляксандар і Марына маюць траіх дарослых дзяцей. Двое старэйшых ужо паўналетнія. Малодшаму Максіму 17 гадоў, 18 споўніцца толькі ў жніўні 2021 году. Існуе верагоднасьць, што наступны дзень народзінаў Максім з бацькамі сустрэць ня зможа. Сям’я Шыкаў для яго прыёмная, з Аляксандрам і Марынай ён жыве з 12 гадоў. Тыдзень таму па Марыну міліцыя прыехала проста дадому.

«У форме былі, на міліцэйскай машыне, — расказвае пра сваё затрыманьне Марына. — Сказалі, што трэба паехаць зь імі ў РУУС, што я магла быць удзельніцай незаконнай акцыі. Абяцалі паказаць мне фота і відэа. У выніку нічога не паказалі. Склалі пратакол па 23.34 са сьведкам Александровічам Аляксандрам Аляксандравічам і адвезьлі на Акрэсьціна. Там я была трое сутак, потым суд прысудзіў штраф».

Вызвалілі Марыну ў той жа дзень. Ужо на волі яна даведалася, што цяпер затрыманы яе муж, саліст мужчынскага хору «Унія».

«Я прыехаў да будынку суду, дзе павінны былі судзіць Марыну, — кажа Аляксандар. — Там мяне сустрэлі міліцыянты і запрасілі праехаць зь імі. У РУУС склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ля тэатру опэры. Сказалі, што я крычаў „Жыве Беларусь“. Я адмаўляў, гаварыў што прыйшоў у опэру толькі. У выніку суд прысудзіў 15 сутак арышту».

Пакараньне Аляксандар адбываў у Баранавічах. Вызваліўся 17 лістапада. Тады ж даведаўся ад жонкі Марыны, што чыноўнікі зьбіраюцца забраць зь сям’і сына Максіма.

«Ва Ўпраўленьне адукацыі мяне выклікалі празь некалькі дзён пасьля вызваленьня, — кажа Марына. — Здаецца, у мінулы чацьвер гэта было. Начальніца Вераніка Рудая мне адразу сказала, што раз я парушаю закон, раз я злачынца, то ня маю права выхоўваць дзіця, працаваць прыёмнай маці. І што дамову са мной разрываюць, а сына забяруць зь сям’і».

Аляксандар з Марынай кажуць, што абскардзілі прысуд Марыны. Для іх гэта цяпер законны спосаб не дапусьціць разрыву дамовы з Упраўленьнем адукацыі. Абскардзіць штраф трэба было ў 10-дзённы тэрмін. Марына кажа, што ілюзій наконт рашэньня вышэйстаячай судовай інстанцыі ня мае. Але зрабіць гэта палічыла неабходным.

«Максім ведае пра сытуацыю, канечне, я расказала яму пра ўсё, — кажа Марына. — Кажа, што мы зараз можам папрасіць палітычнага прытулку дзесьці. Але мы ня хочам зьяжджаць, гэта нашая краіна, мы хочам жыць тут. Раіліся з адвакаткай, яна кажа, што мы яшчэ пабадаемся. Паводле заканадаўства, разарваць кантракт са мной могуць за крымінальнае злачынства, а не за адміністратыўнае правапарушэньне. Таму тэарэтычна гэта таксама можна абскардзіць. Нас усе падтрымліваюць, старэйшыя дзеці таксама».

Дата разгляду скаргі сям’і Шыкаў на прысуд Марыне пакуль невядомая. Працэс павінен прайсьці ў Менскім гарадзкім судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG