Сярод 1200 чалавек, затрыманых на нядзельным маршы ў Менску, быў вядомы выдавец Барыс Пастарнак. Ён працаваў з нобэлеўскімі ляўрэатамі Аляксандрам Салжаніцыным і Сьвятланай Алексіевіч. Пастарнака ў аўтазаку даставілі ў аддзел міліцыі, але пазьней адпусьцілі.
Пра дэталі свайго затрыманьня ён расказаў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».
— Як так сталася, што ўдалося пазьбегнуць гэтай непрыемнай працэдуры, празь якую можа прайсьці, абсалютна незалежна ад рангу і званьняў, цяпер у Беларусі практычна хто заўгодна?
— Я ня ведаю, шчыра кажучы. Я ў фэйсбуку напісаў, што я паняцьця ня маю, чаму мяне адпусьцілі. У мяне ёсьць некалькі вэрсій. Я іх магу пералічыць.
— Давайце пачнем з таго, чаму вас наогул забралі?
— Забралі мяне таму ж, чаму забіраюць і астатніх, хто выходзіць на вуліцу, калі не належыць. Гэта называецца «парушаюць правілы правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Я выходжу на вуліцы.
— Яшчэ не забылі людзі за 100 дзён пратэстаў, навошта яны выходзяць на вуліцы? Або кожны раз памятаюць, або кожны раз мяняецца сэнс?
— Гэта няправільнае ўяўленьне. Людзі выдатна памятаюць. Больш за тое, пратэст нарастае, я б сказаў, пратэст азлабляе, становіцца больш радыкальным і больш шырокім. Гэтыя нейкія дурныя, інакш не магу сказаць, словы пра тое, што пратэст зьдзімаецца. Ён увесь час зьдзімаецца і зьдзімаецца, але ніяк не садзьмецца.
— Я бачу, што ён не зьдзімаецца, і зь вялікай павагай стаўлюся да людзей, якія выходзяць на вуліцы, хаця б таму, што людзі рызыкуюць шмат чым. Я меў на ўвазе, што калі гэта ўсё пачыналася як гісторыя за сумленныя выбары і супраць наступнага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, то мне здаецца, што кожны раз мяняюцца сэнсы, таму што іх ужо проста вельмі шмат новых зьявілася.
— Сэнс радыкальна не памяняўся, гэта «далоў», гэта «сыходзь», «пайшоў прэч ты і твой АМАП» — асноўны лёзунг на гэтых маршах сёньня. Усе разумеюць, што выбудаваная нейкая дыктатура таталітарная, выбудаваная схема падаўленьня любой ініцыятывы, за ўсё, што варушыцца. І з гэтым трэба нешта рабіць. Зразумела, што нікуды ён сам ня сыдзе, гэта ўжо відавочна. Ён адступае, адступае, адступае, расказвае нейкую там лухту пра рэформу Канстытуцыі. Але навошта нам тая рэформа? Яе рэфармуюць і ня будуць выконваць, як яе і сёньня ніхто не выконвае, мала што ў ёй там напісана. Гэта ўсё больш выразна становіцца зразумела пераважнай большасьці насельніцтва краіны.
Тая яснасьць, да якой сёньня, па-мойму, прыйшлі, і мэта, увогуле, ня зьменіцца. Так, спачатку ён павінен сысьці, а потым — круглы стол, вызначэньне таго, што зрабіць далей. Рэформа дык рэформа, Канстытуцыя дык Канстытуцыя. Ці яшчэ што. Увогуле, зразумела, што да таго часу, пакуль ён не пагодзіцца, ня ўступіць у рэальны дыялёг з грамадзтвам, нічога ў грамадзтве ў адносінах да яго ня зьменіцца. Краіна ў гэтым рэжыме, у якім яна сёньня існуе, існаваць ня можа. Яна прайшла ўжо гэтую лінію незвароту. Таму, што б ён сабе там ні прыдумляў, зразумела, што гэта ўсё роўна коціцца да канца.
— Вас затрымаў супрацоўнік АМАПу?
— Так. Гэта была такая брыгада АМАПу, якая выхоплівала з натоўпу людзей і пакавала іх у свой аўтобус. Але справа ў тым, што я стаяў са смартфонам, здымаў гэтыя сцэны затрыманьня. Напэўна, гэта іх і ўзлавала. Прынамсі таго, хто падбег да мяне са сьпіны, ззаду, ён штурхнуў мяне наперад у кірунку да гэтага аўтобуса. Потым яны ўдваіх мяне схапілі і закінулі ў гэты аўтобус.
— А вось далей хацелася б даведацца падрабязьней, таму што ходзяць розныя чуткі, у тым ліку і пра тое, што амапавец ня стаў ілжэсьведчыць супраць вас. Ці так гэта?
— Калі я пачаў казаць, што ў мяне ёсьць некалькі вэрсій, гэта апошняя з вэрсій. Там атрымалася так, я мяркую, што, хутчэй за ўсё, мяне адпусьцілі, што называецца, па ўзросьце. Таму што я ведаю аналягічныя гісторыі зь людзьмі маіх гадоў, якіх проста [адпускалі], каб ня зьвязвацца.
— То бок, добра адукаваны чалавек, выдавец, вядомасьць — гэта іх не хвалюе зусім?
— Гэта абсалютна нікога не цікавіла, ні хто, ні чым займаецца. Пашпартныя дадзеныя, што вы рабілі на несанкцыянаваным мерапрыемстве, і гэтак далей. Я некалькі разоў даваў паказаньні. Прыходзілі людзі зь відэакамэрамі, прыходзілі амапаўцы, якія са мной былі ў машыне, дапытвалі яшчэ раз, прычым такімі грознымі галасамі: «Што вы рабілі на несанкцыянаваным мерапрыемстве?» Адказваю: «Я ня быў, я не браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, я стаяў на вуліцы свайго гораду». «Навошта вы ўдарылі мікрааўтобус нагой?» — «Я ня біў мікрааўтобус нагой». І гэтак далей. Такая клаўнада, я б сказаў, сьледчая. Ну што рабіць, такі парадак у іх.
Шэраг гэтых паказаньняў, допытаў, пратаколаў — гэта ўсё кацілася, кацілася з кабінэта ў кабінэт. Потым сьледчы мне абвясьціў, што ёсьць паказаньні супраць мяне амапаўцаў, якія бачылі, што я нібыта ўдарыў машыну. Я пачаў казаць: «Пачакайце, ёсьць жа спосабы сьледзтва, паглядзіце відэазапісы, там стаяў ваш чалавек з камэрай, паглядзіце ў мой смартфон, вы ўбачыце, зь якога пункту я здымаў, апошнія мае кадры. Урэшце, ёсьць яшчэ розныя спосабы». Але гэта іх асабліва не кранала.
Увогуле, усё ўжо кацілася да канца, ужо выклікалі адваката, мы з адвакатам размаўлялі пра тое, што трэба рабіць, што можна, што варта, што ня варта. Мне ўжо абвясьцілі, што затрымліваюць мяне на трое сутак, на 72 гадзіны, на Акрэсьціна, здаць шнуркі, рэмень і гэтак далей, ужо рэчы апісалі, усё ўжо сабралі. І ў гэты момант увайшоў сьледчы і сказаў: «Стоп-стоп, не патрэбны яшчэ адзін адвакат, адно абвінавачаньне не пацьвярджаецца». І гэта было маё абвінавачаньне. Што там адбылося, пакуль сьледчы выходзіў, я ня ведаю. Таму я выказаў такую нясьмелую надзею, што калі такая фармулёўка — абвінавачаньне не пацьвярджаецца, — можа, гэта амапавец [адмяніў паказаньні].
— Ці можна зь нечым гэта параўнаць, тое, што адбылося з вамі ў момант затрыманьня і ў аўтобусе з амапаўцамі? З гісторыі чалавецтва да чаго гэта падобна?
— Я пачну банальнасьці казаць, што гэта падобна да карнай апэрацыі. Гэта падобна да акцыі, напэўна. Для Беларусі гэта цяжкае параўнаньне, але яно, на жаль, мае права [на існаваньне].
— Я калі чуў такое параўнаньне ад беларусаў, мне заўсёды таксама здавалася: няўжо можна так перабольшваць? Але я раз за разам чую яго. Вам здаецца, гэта не перабольшваньне?
— Гэта не перабольшваньне. Прычым у апавяданьнях, мэмуарах людзей, якія праходзілі праз акцыі на тэрыторыі Беларусі, таксама ёсьць выпадкі, калі добры немец адпусьціў, калі далі хлеба і гэтак далей. Усюды былі праявы нейкіх чалавечых пачуцьцяў, і ўсюды былі нейкія зьверствы і абсалютна непатрэбная, нявымушаная жорсткасьць. Для мяне гэта цяжкавытлумачальная рэч. Маладыя людзі.
— Як так выйшла, што вы жывяце ў адной краіне, бок у бок літаральна, і такія розныя людзі?
— У мяне такога тлумачэньня няма, і я думаю, што над гэтым тлумачэньнем будуць ламаць галовы яшчэ некалькі пакаленьняў дасьледчыкаў. Вядома, гэта фэномэн. Вядома, для гісторыі Беларусі гэта зусім неверагодная рэч: як гэта вырасла? Тут нейкі набор фактараў, часам выпадковых, часам заканамерных. Разумееце, прыход да ўлады чалавека з такімі маральнымі якасьцямі, як Лукашэнка, падбор людзей, якія яго акружылі ў выніку, абсалютная ўсёдазволенасьць і беззаконьне, якое раптам стала культывавацца. І склалася гэтая нейкая група вельмі цесная людзей вакол яго, абсалютна беспрынцыповых і амаральных.
— Вы думаеце, што пратэст унутры грамадзтва разрастаецца. Якімі мэханізмамі, як гэта адбываецца?
— Разумееце, я гэты дзень нядзельны вельмі добра сабе ўявіў па горадзе. У нядзелю страшна раззлаваўся, прыйшло паведамленьне Інтэрфакса пра тое, што гэта быў адзін з самых малалікіх маршаў з моманту пачатку пратэстаў, у ім прынялі ўдзел ня больш за дзесяць тысяч чалавек. Я падумаў: ёлкі-палкі, у вас рэпутацыя прыстойнага агенцтва, інфармацыйнага, а не прапагандысцкага. У вас ёсьць нейкія крыніцы, вы, напэўна, удакладніце, што адбываецца ў горадзе.
У горадзе праходзіць сур’ёзная ваенная апэрацыя. Тысячы ўзброеных людзей, сотні адзінак вайсковай тэхнікі расстаўленыя па ўсіх асноўных магістралях гораду, перакрыты цэнтар, адключана мэтро, не працуе наземны транспарт, выключаны інтэрнэт, дрэнна працуе сувязь. Дзесяць тысяч чалавек, пра якія піша Інтэрфакс, — я налічыў іх на адной вуліцы Прытыцкага, па якой я прайшоў чатыры станцыі ад мэтро «Пушкінская», мэтро было закрытае. Гэта быў бесьперапынны паток людзей па ходніках, дарога не была занятая. Потым трэба дадаць да гэтых людзей тых, хто махае з вокнаў сьцягамі, трэба дадаць машыны, якія гудуць бесьперапынна. І кожны раз зьяўленьне любой міліцэйскай машыны сустракаецца ровам кляксонаў і пляўкамі ў іх бок.
— Дзесяць тысяч чалавек — каб разумець, калі параўноўваць з ваеннай апэрацыяй, якую, па сутнасьці, арганізавалі сілавікі ў Менску, — гэта дзесяць буйных батальёнаў.
— І вось гэтая карціна была на ўсіх асноўных магістралях на ўезьдзе ў горад. Яны ж адсеклі потым, усюды стаялі заслоны. Яны спынялі рух транспарту аўтамабільнага, проста таму, што, як я разумею, ім невыносна слухаць усе гэтыя гудкі і сыгналы. Але ж вы разумееце, што яны са зброяй, са шчытамі, з браневікамі, з вадамётамі, мы ўсё гэта назіралі.
— Як Беларусь можа злучыцца, як гэта можа ўсё прайсьці, калі цяпер ёсьць людзі, якія жывуць без вады, і людзі, якія, зь іх зьдзекуючыся, прывозяць ім прыбіральні?
— Для гэтага, наогул кажучы, у нармальнай дзяржаве праводзяцца круглыя сталы. Калі вы хочаце выйсьці з гэтага крызісу, давайце садзіцца і ўсё-ткі спрабаваць узяць дамоваздольных людзей з усіх бакоў і спрабаваць што-небудзь выпрацаваць, хоць нейкую спробу прымірэньня.
— Яны ня могуць сесьці за стол з тымі людзьмі, якія ім непрыемныя, таму што для іх гэта прыкмета паразы. Тут жа таксама вельмі важна, што Аляксандар Лукашэнка ня можа, мабыць, проста фізычна перасіліць сябе, сесьці зь людзьмі, якія лічаць яго нелегітымным прэзыдэнтам.
— Тады я ня ведаю. Андрэй Жвалеўскі (беларускі пісьменьнік. — НВ) напісаў, што альбо пачынаецца ўсенародны супраціў, агульнанацыянальная забастоўка, ня ведаю, у якой форме, альбо пачынаецца ўсенароднае гніеньне. Яны настроеныя на гніеньне, ім здаецца, што яшчэ крышачку пацягнем — і ўсё гэта як-небудзь само сабой уладкуецца.