Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі ачапілі «плошчу Пераменаў», адкуль не сыходзяць людзі
Сілавікі ачапілі «плошчу Пераменаў», адкуль не сыходзяць людзі

«Я выходжу»: марш памяці Рамана Бандарэнкі. Што адбываецца ў Беларусі на 99-ы дзень пратэстаў

Сёньня ў Менску а 12-й гадзіне чакаецца «Марш сьмелых». Удзельнікі плянуюць зьбірацца каля станцыі мэтро «Пушкінская», каб прайсьці ад месца гібелі першай ахвяры сілавікоў Аляксандра Тарайкоўскага да «двара пераменаў», зь якога выкралі Рамана Бандарэнку, які ад пабояў сканаў у шпіталі. ​

Масавыя пратэсты супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праходзяць у Менску з 9 жніўня. Прыхільнікі перамен працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.

15:28 15.11.2020

Мазыр: сілавікі разагналі людзей, якія сабраліся ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі

У Мазыры ля крамы сабраліся людзі, каб ушанаваць памяць забітага Рамана Бандарэнкі. Іх разагналі, а міліцыянты здымалі людзей на відэа.

15:31 15.11.2020

У Менску затрымалі журналістку БелаПАН

У Менску затрымалі журналістку БелаПАН Юлію Коцкую, піша БАЖ.

15:31 15.11.2020

У Бабруйску ўшаноўваюць памяць Рамана Бандарэнкі

Бабруйчане зноў аднавілі мэмарыял памяці Рамана Бандарэнкі. Ля яго пастаянна стаяць людзі. Непадалёк аўтобус зь сілавікамі.

15:33 15.11.2020

Менск: «Плошча Пераменаў» сьвяткуе сыход сілавікоў

Калёна сілавікоў адышла ад «Плошчы пераменаў», але ня зьехала зусім, стаяць на іншым баку вуліцы Арлоўскай, нібыта робяць перагрупоўку, перадаюць сьведкі з месца падзей.

Між тым пратэстоўцаў на «Плошчы пераменаў» усё больш, яны прабіраюцца з розных вуліц. Тут зьявілася расьцяжка «Нас не зламаць», зь якой на маршы пратэсту выходзілі спартоўцы.

15:33 15.11.2020

Ліда: людзі зьбіраюцца ля помніка Скарыну

15:35 15.11.2020

Валянтэры: у Менску «хуткая» забрала з РУУС 2 чалавек

Паводле каналу «Списки задержанных», з Маскоўскага РУУС Менску «хуткая» забрала двух чалавек з прозьвішчамі Палій і Котусеў.

15:38 15.11.2020

Сёньня ў Беларусі затрымалі ўжо 14 журналістаў

У Пінску затрымалі журналіста Андрэя Якімуша, піша БАЖ. Агулам сёньня затрымалі ўжо 14 журналістаў.

15:40 15.11.2020

У Мазыры адбыўся «хапун»

15:41 15.11.2020

На «плошчы Пераменаў» мужчына напаў на журналіста, сілавікі акружылі пратэстоўцаў

На «плошчы Пераменаў» нейкі мужчына напаў на карэспандэнта Tut.by, спрабаваў душыць матузком ад рэдакцыйнага бэйджу. Ён жа разьбіў плітку, каб кідаць у бок сілавікоў. Людзі сталі скандаваць, што ён правакатар, і вывелі з двара.

Тым часам сілавікі заехалі з тылу «плошчы Пераменаў», узялі ў ціскі пратэстоўцаў, паведамляюць сьведкі.

15:46 15.11.2020

У Горадні ля Фарнага касьцёла ўшаноўваюць памяць Рамана Бандарэнкі

У Горадні каля Фарнага касьцёла гарадзенцы прынесьлі кветкі і лямпадкі, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. Да іх падышлі міліцыянты, прыехала аварыйная машына, каб прыбраць мэмарыял. Гарадзенцы сварацца зь міліцыяй: «У нас нават злачынствы не расьсьледуюць».

15:58 15.11.2020

Сілавікі атачылі «плошчу Пераменаў»

Сілавікі бяруць у атачэньне «плошчу Пераменаў». «Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго», – скандуюць людзі. Сілавікі ідуць шчыльным кардонам, у некаторых у руках зброя. На «плошчы Пераменаў» зноў зьявіўся вадамёт.

Людзей ля мэмарыялу Бандарэнкі стала меней, яны крычаць: «Выходзьце!», «Далучайся!»

Тым часам частка пратэстоўцаў са сьцягамі выйшла на бульвар Шаўчэнкі, каля 500 чалавек, скандуюць «Жыве Беларусь!»

16:00 15.11.2020

У Нясьвіжы трэці дзень ушаноўваюць памяць Рамана Бандарэнкі

16:04 15.11.2020

У Менску затрымалі намесьніка дырэктара РНПЦ анкалёгіі

У Менску затрымалі намесьніка дырэктара РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Паўла Маісеева, піша канал лекараў «Белые халаты». Ён у Маскоўскім РУУС

16:07 15.11.2020

У раёне «плошчы Пераменаў» адключылі інтэрнэт

Паступіла інфармацыя пра адключэньне праваднога інтэрнэту ў раёне «плошчы Пераменаў», паведамляе «Белсат». Стрым тэлеканалу «Белсат» адтуль перарваўся.

Назад ад Арлоўскай бяжыць са шчытамі вялікая група сілавікоў. Людзі сталі ў счэпку.

Калёны сілавікоў далей рухаюцца на «плошчу Пераменаў», іх ужо больш, чым пратэстоўцаў.

16:14 15.11.2020

У Горадні прыбралі мэмарыял Бандарэнку

16:26 15.11.2020

Сілавікі разагналі пратэстоўцаў на «плошчы Пераменаў», шмат затрыманых

На «плошчы Пераменаў» пачалася «зачыстка», пратэстоўцаў выхопліваюць па адным, цягнуць у аўтобусы і аўтазакі, мужчын і жанчын. Зрываюць сьцягі, б’юць лямпадкі, зрываюць намёты. Неўзабаве на «плошчы Пераменаў» засталіся толькі сілавікі. Шмат затрыманых.

Пасьля разгону і затрыманьняў на «плошчы Пераменаў» з суседняга дома выйшла жанчына, запаліла сьвечку і паставіла да мэмарыялу.

Сілавікі застаюцца ля «плошчы Пераменаў», ходзяць па дамах. Некаторых людзей затрымліваюць проста ў будынках.

16:45 15.11.2020

Ужо 328 затрыманых у Беларусі за сёньня

Праваабаронцам цяпер вядомыя 328 імёнаў затрыманых падчас акцыяў пратэсту 15 лістапада ў Беларусі, зь іх 257 у Менску.

17:07 15.11.2020

У Беларусі сёньня затрымалі ўжо 16 журналістаў

У Беларусі затрымалі ўжо 16-га журналіста за сёньня — Ігара Карнея ў Менску, піша БАЖ.

17:11 15.11.2020

У Менску затрымалі выдаўца кніг Алексіевіч і Салжаніцына

Пра гэта ў сваім Фэйсбуку паведаміў беларускі пісьменьнік Саша Філіпенка.

«Толькі што ў Менску затрыманы мой выдавец Барыс Натанавіч Пастэрнак. Барыс Пастэрнак — вялікі выдавец! Выдавец Сьвятланы Алексіевіч, Міхаіла Жванецкага, Аляксандра Салжаніцына, Алега Паўлава, Аляксандра Чудакова і многіх іншых. Барысу Натанавічу 76 гадоў».

Дачка Барыса Пастэрнака Яўгенія на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пацьвердзіла затрыманьне бацькі. Гэта, паводле яе, адбылося каля 14:00 у раёне вуліцы Прытыцкага.

З 2005 году Барыс Пастэрнак узначальвае выдавецкі дом «Время».

17:40 15.11.2020

Былы прэм'ер Бэльгіі заклікаў да міжнароднага трыбуналу ў справе Беларусі

Гі Вэргофстат, былы прэм’ер-міністар Бэльгіі, шматгадовы лідэр фракцыі лібэралаў у Эўрапапарлямэнце і ў дадзены момант яго дэпутат, заклікаў Эўразьвяз узмацніць ціск на Беларусь.

«Новая хваля гвалту ў Беларусі. ЭЗ можа і павінен зрабіць больш: санкцыі, гуманітарны калідор для пацярпелых і бязьвізавы рэжым, салідарнасьць і падтрымка СМІ, міжнародны трыбунал». – напісаў ён у сваім Твітэры.

Ён зьвярнуўся да кіраўніка дыпляматыі ЭЗ Жузэпа Бурэля і запатрабаваў неадкладна ўзьняць гэтыя пытаньні зь міністрамі замежных справаў краіна ЭЗ.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG