З 16 лістапада прыватная лябараторыя Synevo ня будзе аказваць паслугі ПЦР-тэставаньня на каранавірус. Гэтую інфармацыю Tut.by пацьвердзілі ў лябараторыі.
У сямі лябараторыях Synevo зь сярэдзіны кастрычніка можна было здаць тэст ПЦР на каранавірус. Перад лябараторыямі стаялі чэргі. Аднак «з тэхнічных прычын» ад панядзелка, 16 лістапада, гэтая паслуга ня будзе аказвацца, паведамілі ў лябараторыі. Там кажуць, што прыпыненьне часовае, калі адновіцца тэставаньне — пакуль невядома.
Пра тэсты нядаўна казаў Лукашэнка
На нарадзе 5 лістапада Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў увагу, што ў некаторых лябараторыях цана дасьледаваньняў на COVID-19 даходзіць «да 300 рублёў за адзін тэст», а людзі бягуць у гэтыя лябараторыі і «псыхоз ствараюць у грамадзтве». Ён даручыў «да панядзелка» 9 лістапада з гэтым разабрацца.
Лукашэнка заявіў, што тэставаньне на каранавірус павінна праходзіць у тых лябараторыях, які вызначыць Міністэрства аховы здароўя, а калі прыватныя лябараторыі захочуць «дапамагчы дзяржаве», то на «дзяржаўных умовах».