Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ў яго дыягнаставалі каранавірус, але ён працягне працаваць дыстанцыйна.
«Няма ў сьвеце шчасьліўчыкаў, для каго б COVID не ўяўляў пагрозы. Нягледзячы на ўсе карантынныя захады, я таксама атрымаў пазытыўны вынік. Абяцаю ізалявацца і працягваю працаваць», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
У Офісе прэзыдэнта паведамілі, што цяпер усе супрацоўнікі, якія кантактавалі з Уладзімірам Зяленскім, праходзяць тэставаньне на каранавірус. Там пацьвердзілі, што кіраўнік дзяржавы будзе надалей выконваць свае абавязкі.
«Кіраўнік дзяржавы добра сябе адчувае і будзе працаваць у дыстанцыйным рэжыме. У яго заўсёды будуць неабходныя інструмэнты і абсталяваньне для сувязі», — падкрэсьлілі ў адміністрацыі Зяленскага.
І Зяленскі, і Офіс прэзыдэнта заклікалі грамадзян Украіны выконваць умовы карантыннага рэжыму — не забывацца пра маскі і сацыяльную дыстанцыю.
Паводле Цэнтру грамадзкага здароўя Ўкраіны, за мінулы дзень у краіне зарэгістравана 8687 новых выпадкаў захворваньняў на каранавірус. Ад пачатку эпідэміі ва Ўкраіне захварэлі 469 018 грамадзян, зафіксавана 8565 сьмяротных выпадкаў.