Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка ў інтэрвію Свабодзе тлумачыць, чаму апанэнты ўлады не пагаджаюцца на «круглы стол» Юрыя Васкрасенскага, расказвае пра два сцэнары трансфэру ўлады ў Беларусі і працу сваёй каманды, да якой далучаюцца і чыноўнікі.
Пра «круглы стол» Васкрасенскага
• Ня будзе адбывацца ніякага дыялёгу. Гэта штучная сустрэча. Гэта будзе ток-шоў, якое пакажуць па дзяржаўных каналах, каб пераканаць грамадзтва, што дыялёг нібыта мае месца. Што нібыта пратэсты зьменшыліся, што людзі зьмяняюць свой пункт гледжаньня.
• Мы дакладна ведаем, што ніхто з сапраўдных лідэраў палітычнай сцэны ня будзе прымаць удзел у так званым круглым стале. Будзе адбывацца размова грамадзянаў. Гэта нармальна, няхай грамадзяне сустракаюцца, але яны ня маюць права вырашаць нейкія пытаньні.
• Калі ўлада хоча дыялёгу, то няхай вызваліць спачатку ўсіх палітзьняволеных, няхай спыніць рэпрэсіі.
• Я чуў вэрсію, што ў сустрэчы можа прыняць удзел Андрэй Ланкін са штабу Цапкалы. Гэта яго пэрсанальнае рашэньне. Але я чуў публічную дэклярацыю Валера Цапкалы, што ён лічыць арганізацыю «круглага стала» махлярствам.
• На сёньня ў нас няма ніводнага сьведчаньня, што нехта з Каардынацыйнай рады, зь яе прэзыдыюму, плянуе ўзяць удзел у так званым круглым стале Васкрасенскага.
• Яшчэ да выбараў праўладны палітоляг Пётра Пятроўскі заявіў (у эфіры «Эўрарадыё») як натуральную рэч, што штаб Лукашэнкі можа мець інкарпараваных у структуры штабоў незалежных кандыдатаў сваіх людзей. Што гэта значыць? Што з ініцыятыўнай групы Лукашэнкі хтосьці працаваў у штабах незалежных кандыдатаў, ці гэта былі супрацоўнікі КДБ? Калі зьявяцца людзі, якія будуць прадстаўляць сябе прадстаўнікамі штабоў, то мы разумеем іх статус і кім гэта было арганізавана.
Пра сцэнары трансфэру ўлады
• Першы — канстытуцыйным шляхам, каб скарыстаць тую Канстытуцыю, якая нам не падабаецца, але яна ўсё ж дэ-факта існуе. Гэты сцэнар прадугледжвае, што Раман Галоўчанка становіцца выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, гэта самая рызыкоўная сытуацыя. Але тут можна ажыцьцявіць кантроль. Антыкрызіснае кіраўніцтва гатовае прапанаваць і людзей, і структуры, і запрасіць туды ўсіх тых, хто будзе на баку народу. Абвяшчаюцца выбары, і потым мяняецца Канстытуцыя.
• Другі варыянт — грамадзка-прававы, якія прадугледжвае, што ўся ўлада ў краіне належыць народу. У гэтым выпадку ўсе дзеяньні будуць прававыя, але іх крыніцай зьяўляецца народ. Гэты сцэнар прадугледжвае, што нацыянальны лідэр Сьвятлана Ціханоўская заступае на пасаду прэзыдэнта. Гаворка не ідзе пра стварэньне паралельных структураў за мяжой. Гаворка пра ідзе пра сытуацыю, якая можа стацца ў любы час — зьнікненьне Лукашэнкі.
• Бязь мірнай пратэставай актыўнасьці дасягнуць мэты немагчыма. Рызыкі вельмі вялікія. Цярпіць вельмі шмат людзей. Гэта наш боль. Але кожны прымае рашэньне сам, пойдзе ён на акцыю ці не.
Пра Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва і яго працу
• Мы адкрылі вакансіі і атрымалі сотні прапановаў, у тым ліку з боку дзяржаўных чыноўнікаў высокага ўзроўню, прадстаўнікоў разнастайных міністэрстваў, якія гатовыя працаваць у НАК і дапамагаць нам.
• Там таксама бізнэсоўцы, адвакаты і юрысты, грамадзкія дзеячы і прадстаўнікі палітычных сілаў. Гэта даволі вялікая каманда.
• Сёньня мы перадалі ў МЗС Польшчы пашыраныя сьпісы асобаў, якім павінен быць забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ. Мы працуем над эканамічнымі санкцыямі адносна «кашалькоў Лукашэнкі».
• Сёньня разам са Сьвятланай Ціханоўскай мы бралі ўдзел у сустрэчы з намесьнікам міністра замежных спраў Італіі. Я прадставіў там альгарытм двухбаковых і шматбаковых захадаў з боку Італіі і ЭЗ.
• Мы працуем над стварэньнем міжнароднай мэдыяцыйнай пляцоўкі для вырашэньня гэтай сытуацыі.
• Мы працуем па «Балёнскім працэсе», бо бачылі, як зьдзекуюцца са студэнтаў. Накіраваныя лісты ўсім міністрам адукацыі, у Рыме неўзабаве адбудзецца канфэрэнцыя. Мы ініцыявалі лісты парлямэнтам, каб яны выказалі сваю думку, у тым ліку і старшыні Эўрапарлямэнту.