Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказала экспэртыза па Аляксандру Віхору, які загінуў у Гомлі ў першыя дні пратэстаў


Аляксандар Віхор
Аляксандар Віхор

Прайшло тры месяцы з дня трагічнай гібелі 25-гадовага жыхара Гомля Аляксандра Віхора. З судова-мэдычнай экспэртызай бацькоў азнаёмілі часткова.

Прычынай сьмерці экспэрты назвалі «вострую недастатковасьць кровазабесьпячэньня». Крымінальная справа не распачатая.

Што здарылася

Вечарам 9 жніўня Аляксандар Віхор ішоў на спатканьне зь дзяўчынай у Гомлі. На плошчы Леніна яго затрымаў АМАП. Тры дні бацькі і сястра шукалі Аляксандра — у міліцыі, судзе, СІЗА, ІЧУ. Ніхто не даваў аніякай інфармацыі. 12 жніўня маці даведалася, што яе сын памёр.

Што казалі сьведкі

Бацькі самастойна шукалі адказы на пытаньне, што здарылася з сынам у тыя тры дні. Яны знайшлі сьведак, якія потым далі паказаньні і пры праверцы ў Сьледчым камітэце.

Маладога чалавека ў міліцыі білі. Пра гэта расказвалі сьведкі і журналістам, і ў Сьледчым камітэце.

«Нам сьведкі расказвалі — тыя, хто быў з Сашам у РАУС, аўтазаку, судзе — што пачынаючы зь першага дня затрыманьня сын прасіў дапамогі. Яму было блага. Замест мэдычнай дапамогі ён атрымліваў новыя ўдары дручком, зь яго зьдзекаваліся, пры новых просьбах аб дапамозе Сашу пырснулі ў твар пярцовым газам, на яго надзявалі кайданкі», — расказала маці.

Пра гэта казаў журналістам на пахаваньні і жыхар Гомля Сяргей Шоман, які разам з Сашам быў у аўтазаку.

Пахаваньне
Пахаваньне

Калі памёр Аляксандар Віхор

У ноч з 11 на 12 жніўня яго завезьлі да мэдыкаў, але чамусьці ў псыхіятрычны шпіталь. Там лекары адразу вызначылі, што гэта ня іх пацыент, і адмовіліся шпіталізаваць. Выклікалі хуткую, супрацоўнікі якой занатавалі, што «пацыент ляжаў на падлозе, скаргаў не выказваў, быў у коме». Сашу перавялі ў рэанімацыю сухотнага шпіталя (месьціцца паблізу), дзе ён і памёр — у 3.35.

А 12-й гадзіне 12 жніўня пачалося ўскрыцьцё. Але бацькам пра сьмерць сына не сказалі, хоць яго асоба была вызначаная. Пазьней маці нарэшце даведалася ад кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС, што яе сын памёр.

Што пастанавіла экспэртыза

У псыхіятрычным, пасьля — у рэанімацыі сухотнага шпіталя Аляксандру Віхору ставілі дыягназы «закрытая чэрапна-мазгавая траўма пад пытаньнем» і «кома трэцяй ступені». Пасьля судова-мэдычнай экспэртызы ў Камітэце судовых экспэртыз улады заявілі, што прычынай сьмерці была «вострая недастатковасьць кровазабесьпячэньня, якой спадарожнічала сардэчнае захворваньне».

«У Сашы былі праблемы з сэрцам. Але якраз летам ён праходзіў паглыбленае дасьледаваньне ў кардыялягічным дыспансэры. І ніводзін лекар не сказаў, што ён мае сур’ёзныя праблемы, якія могуць прывесьці да сьмерці! — кажа маці Аляксандра Сьвятлана Віхор. — Яго не папярэджвалі пра небясьпеку. Не прапаноўвалі апэрацыю ці лекі, яму проста параілі дыету. Ён мог жыць да ста гадоў! Цяпер нас спрабуюць пераканаць, што Саша павінен быў памерці. А мы павінны быць ім удзячныя, што ён памёр у іх, пасьля зьдзекаў і таго, што яго білі!».

Як малады здаровы чалавек мог дайсьці да комы

«Пасьля гібелі Сашы сьледчы сказаў нам, што ў сына была перадазіроўка наркотыкамі. Мы абурыліся: Саша не курыў нават! Ён ня піў алькаголь, не ўжываў наркотыкі! Пазьней у нашым Сьледчым камітэце выбачаліся перад намі за гэтыя словы сьледчага пра наркотыкі», — заўважыла Сьвятлана Віхор.

У афіцыйнай экспэртызе напісана, што ні алькаголю, ні наркотыкаў у крыві Сашы не было. Экспэрты апісалі і зафіксавалі пашкоджаньні на целе — траўмы, гематомы, пераломы рэбраў і грудзіны. Але тамсама напісалі, што траўмы і пераломы ня маюць дачыненьня да прычын сьмерці.

Бацькі і сястра Аляксандра Віхора
Бацькі і сястра Аляксандра Віхора

«...Пасыпаліся глухія ўдары берцамі»

Калі азнаёмілася з вынікамі экспэртызы, Сьвятлана Віхор плакала ад «бездапаможнасьці і абсурду».

«Як малады, здаровы чалавек за два дні дайшоў да комы?! Што прывяло яго да сьмерці? Я лічу, што страшны стрэс, зьдзекі, пабоі... Сьведкі расказвалі, што ў дзень самага жорсткага для Гомля разгону пратэстаў — 11 жніўня, калі ўсіх затрыманых страшна зьбівалі, нават міліцыянт у Чыгуначным РАУС зьвярнуў увагу, што Сашу блага, і сказаў пра гэта супрацоўніку АМАП. Той адказаў: „Зараз мы яму псыхіятра выклічам“. І сьледам за гэтымі словамі пасыпаліся глухія ўдары берцамі. Потым, калі выклікалі затрыманых па прозьвішчы, Саша нават не адгукнуўся. За яго казалі іншыя затрыманыя — маўляў, гэта той хлопец, якому блага было. Сьведка лічыць, што ён мог быць ужо без прытомнасьці», — кажа маці.

Што цяпер

Сьледчы камітэт прыпыніў праверку да таго моманту, пакуль ня будзе зробленая дадатковая экспэртыза. Сям’я Аляксандра Віхора ня згодная з вынікамі першай экспэртызы, засталося шмат пытаньняў. Напрыклад, родныя валодаюць інфармацыяй, што ў Сашы было «кровазьліцьцё ў забрухавінную клятчатку і мяккія тканкі малога тазу». Так ці не — павінны даць адказ экспэрты.

«Мы ня мэдыкі. Але спэцыялісты нам патлумачылі, што кома з такім папярэднім дыягназам, зь якім Саша паступіў у рэанімацыю, не наступае ад сардэчнай недастатковасьці, але часта здараецца ад закрытай чэрапна-мазгавой траўмы... Нам сказалі сьледчыя, што калі дадатковая экспэртыза пацьвердзіць прычыну сьмерці — „ад сэрца“, то крымінальнай справы ня будзе. Ніхто ня будзе вінаваты. Нікога не пакараюць за гібель Сашы. Цяпер праваахоўныя органы адчуваюць сябе ўпэўнена — лічаць, што ўсё ў іх шыта-крыта, умылі рукі. Сына проста давялі да сьмерці, яго забілі», — кажа маці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG