У Ерэване праходзіць мітынг апазыцыі з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна.
Вечарам апазыцыйныя фракцыі парлямэнту выставілі Пашыньяну ўльтыматум. «Прапануем наступны варыянт: сёньня да 24:00 даем Пашыньяну час для адстаўкі і да 24:00 час для правядзеньня пасяджэньня парлямэнту», — цытуе Інтэрфакс прадстаўніка партыі «Дашнакцут'юн» Ішхана Сагатэльяна.
Паводле ягоных слоў, калі гэтае патрабаваньне ня будзе выкананае, то апазыцыя 12 лістапада вырашыць гэтае пытаньне.
Мітынг апазыцыі перасунуўся да будынку парлямэнту. Ён пачаўся на плошчы Свабоды, паліцыя з раніцы затрымала 129 чалавек і спрабавала перашкодзіць правядзеньню мітынгу. У паліцыі свае дзеяньні растлумачылі забаронай масавых сходаў ва ўмовах рэжыму ваеннага становішча.
Аднак былы дырэктар Службы нацыянальнай бясьпекі (СНБ), лідэр апазыцыйнай партыі «Радзіма» Артур Ванэт'ян прарваўся праз паліцэйскі кардон, падняўся на трыбуну, пасьля чаго пачалася акцыя.
Удзельнікі мітынгу затым пайшлі да будынку ўраду Армэніі. Ісьці туды раней заклікаў Сагатэльян. «Паколькі Пашыньян уцёк, хаваецца ў склепе або бункеры невядома якой амбасады, то мы зараз шэсьцем ідзем да будынку ўраду, які таксама бязьдзейнічае», — сказаў ён. Паводле ягоных слоў, у краіне павінен быць сфармаваны ўрад нацыянальнай згоды.
Раней супрацоўнікі СНБ затрымалі лідэра апазыцыйнай партыі «Квітнеючая Армэнія» бізнэсоўца Гагіка Царук'яна, які зьбіраўся ўзяць удзел у мітынгу. Таксама затрыманы сябра Рэспубліканскай партыі Ваграм Багдасар'ян.