Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване некалькі тысяч мітынгоўцаў патрабуюць адстаўкі Пашыньяна


Мітынг у Ерэване, 11 лістапада 2020 г.
Мітынг у Ерэване, 11 лістапада 2020 г.

У Ерэване праходзіць мітынг апазыцыі з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна, піша армянская служба Радыё Свабода.

Паліцыя з раніцы ачапіла плошчу, пачала затрымліваць людзей і спрабавала перашкаджаць правядзеньню мітынгу. У паліцыі такія дзеяньні патлумачылі забаронай масавых сходаў ва ўмовах рэжыму ваеннага становішча. Аднак былы дырэктар Службы нацыянальнай бясьпекі (СНБ), лідэр апазыцыйнай партыі «Радзіма» Артур Ванэт'ян прарваўся праз паліцэйскі кардон, падняўся на трыбуну, пасьля чаго пачалася акцыя.

Удзельнікі мітынгу затым пайшлі да будынка ўраду Армэніі, перад якім стаяць паліцыянты ў некалькі кардонаў. Прадстаўнікі апазыцыі таксама патрабуюць правядзеньня тэрміновага пасяджэньня парлямэнту.

Паводле Інтэрфаксу, у мітынгу бяруць удзел некалькі тысяч чалавек. Ісьці да будынку ўраду раней заклікаў прадстаўнік апазыцыі Ішхан Сагатэльян.

«Паколькі Пашыньян зьбег, хаваецца ў склепе або бункеры невядома якой амбасады, то мы цяпер шэсьцем ідзем да будынку ўраду, які таксама бязьдзейнічае», — сказаў Сагатэльян. Паводле яго, у краіне павінен сфармавацца ўрад нацыянальнай згоды.

Раней супрацоўнікі Службы нацыянальнай бясьпекі затрымалі лідэра апазыцыйнай партыі «Квітнеючая Армэнія» бізнэсмэна Гагіка Царук’яна, які зьбіраўся прыняць удзел у мітынгу. Таксама затрыманы сябра Рэспубліканскай партыі Ваграм Багдасар’ян.

Удзельнікі пратэсту супраць спыненьня вайны ў Нагорным Карабаху ўварваліся ў будынак ураду Армэніі яшчэ ў ноч на 10 лістапада, адразу пасьля таго, як Пашыньян разам з прэзыдэнтамі Азэрбайджану — Ільхамам Аліевым і Расеі — Уладзімірам Пуціным падпісаў трохбаковую дамову аб спыненьні баёў у Нагорным Карабаху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG