Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Натальля Качанава правяла відэанараду з кіраўнікамі медычных устаноў. Нарада тычылася пытаньняў змаганьня COVID-19 і пратэстаў мэдыкаў. Аўдыёзапіс са сходу 10 лістапада апублікавалі ў тэлеграм-канале «Белые халаты».
У сваёй эмацыйнай прамове Натальля Качанава зьдзівілася, што мэдыкі выходзяць на акцыі пратэсту і салідарнасьці з затрыманымі раней калегамі. Яна прапанавала весьці дыялёг на адпаведных пляцоўках, а не пратэставаць — службовыя асобы гатовыя сустракацца зь мэдыкамі на працоўных месцах. Кіраўнікі мэдычных устаноў, на думку Качанавай, мусяць быць ідэолягамі.
«Дыялёгу на вуліцах ня будзе, папярэдзьце іх. Калі хто-небудзь хоча выказаць сваю думку, калі ласка, мы гатовыя да дыялёгу. Але не ў фармаце гэтых выхадаў і пратэстаў! Гэта вельмі дрэнна! Гэта ні да чога добрага не прывядзе», — сказала Качанава.
Качанава падкрэсьліла, што гатовая сама весьці «цывілізаваны дыялёг», калі дамовіцца з мэдыкамі, якія пратэстуюць, не атрымаецца ў кіраўніцтва ўстаноў аховы здароўя.
«Вось проста так, выказваць сваё пратэставае меркаваньне, выходзячы чамусьці на вуліцы, незразумела для чаго... Я яшчэ разумею, мы сустракаемся са студэнтамі, размаўляем зь імі, але калі дарослыя людзі, якія адбыліся, займаюцца гэтым, на мой погляд, гэта няправільна», — сказала Качанава.
Качанава заявіла, што мэдыкаў і іншых будуць затрымліваць і далей, калі яны будуць выходзіць на акцыі пратэсту, бо гэта «парушэньне закону».
«Мы прававая дзяржава, дзе дзейнічаюць законы. І выкананьне законаў абавязковае для ўсіх. Ня трэба рабіць вэрхал! Усе гэтыя мірныя акцыі ні да чога добрага не прыводзяць», — лічыць Качанава.
Качанава адзначыла, што пратэсты мэдыкаў «дзіўныя» і «не ўпрыгожваюць сыстэму аховы здароўя».
У нядзелю 8 лістапада ў Менску падчас пратэстаў затрымалі больш за тысячу чалавек. У суботу 7 лістапада сілавікі разагналі марш мэдыкаў і схапілі каля 50 чалавек. У салідарнасьць з затрыманымі ўдзельнікамі пратэстаў 9 лістапада ў Менску прайшоў марш мэдыкаў і людзей зь інваліднасьцю.