Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Бабарыка напісаў, што рэдка атрымлівае лісты і знаходзіўся ў адзіночнай камэры


Эдуард Бабарыка
Эдуард Бабарыка

Эдуард Бабарыка напісаў зь СІЗА КДБ, што рэдка атрымлівае лісты і два тыдні правёў адзіночнай камэры. Пастаяннае ліставаньне ён мае толькі са сваякамі і некаторымі сябрамі.​ Пра гэта Бабарыка напісаў у лісьце ад 5 лістапада да сваёй калегі Вольгі Мжэльскай, піша Reform.by.

Ён напісаў, што цяпер знаходзіцца ў камэры з адным суседам і рэдка бывае на шпацырах.

«Гуляць, гуляць, гуляць і размаўляць. Шмат размаўляць — тут з шпацырамі і размовамі праблемы. Ужо месяц знаходжуся ў камэры з адным чалавекам. Наогул, я зь ім усе 4,5 месяца. Але цяпер мы ў маленькай камэры ўдвох, а да гэтага жылі ўтрох. Максымум нас было 5 чалавек. Гэта я да таго, што зносіны тут вельмі абмежаваныя і мы часам адзін аднаму надакучваем. Вось пару дзён таму паспрачаліся. І амаль два дні правялі ў маўчаньні. Нічога страшнага, але забаўная сама сытуацыя», – апісвае свае будні палітвязень.

Эдуард Бабарыка паведаміў, што паўтара месяца таму яго зь невядомай прычыны адправілі ў адзіночку, дзе ён правёў два тыдні.

«Яшчэ 1,5 месяца таму мяне чамусьці саслалі ў адзіночную камэру, дзе я правёў 2 тыдні. З раніцы да ночы маляваў і чытаў. Потым, па вяртаньні да суседзяў, ня мог нагаварыцца», – жартуе ён.

Бабарыка запэўнівае, што пачуваецца добра, хоць умовы ўтрыманьня называе жудаснымі.

«У мяне ўсё добра! Псыхалягічна, мэнтальна і фізычна – поўны парадак. Жахае, што людзі ў XXI ст. могуць утрымлівацца ў такіх умовах. Але ўпэўнены, што Беларусі засталося яшчэ крыху патрываць – далей будзе толькі лепш. Апошні месяц праглынаю кнігі адну за адной. Да гэтага чаргаваў чытаньне, шахматы, маляваньне, ёгу, мэдытацыю, практыкаваньні. А апошні месяц чамусьці магу толькі чытаць. Дзіўна», – падзяліўся сваімі ўражаньнямі палітвязень, ліст якога прайшоў празь сіта цэнзуры.

Віктара і Эдуарда Бабарыкаў затрымалі раніцай 18 чэрвеня 2020 году, калі яны адправіліся здаваць подпісы ў выбарчую камісію. Іх абвінавачваюць у эканамічных злачынствах. Эдуарда і Віктара Бабарыку прызналі палітзьняволенымі. Эдуард прысутнічаў на нашумелай сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG