Сілавікі пачалі блякаваць рахункі беларусаў, якія атрымлівалі кампэнсацыі ад ініцыятывы BY_help. Пра гэта паведаміла «Наша ніва» са спасылкай на аднаго з заснавальнікаў BY_help Аляксея Лявончыка.
«Ад сёньняшняй раніцы нам паступаюць паведамленьні, што на патрабаваньне СК, КДБ ці падобнай інстытуцыі пачалося масавае блякаваньне рахункаў атрымальнікаў нашай дапамогі», — напісаў Аляксей Лявончык у сваім Фэйсбуку.
Кампанія BY_help дапамагае арыштаваным, аштрафаваным, параненым, зьбітым, а таксама, у выключных выпадках, аплачвае адвакатаў. Паводле справаздачы, кампанія BY_help падтрымала больш за 3300 заявак ад беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, Усяго заявак у базе больш за 8700.
Агульная сума выплачаных кампэнсацый — 3 674 471 рубель. Яны пайшлі на кампэнсацыю 1640 штрафаў, 1209 выплатаў па аказаньні мэдычнай дапамогі, 401 аплату знаходжаньня на «сутках» адміністрацыйнага арышту, 83 кампэнсацыі паслуг адвакатаў.